Пра тое, што жыхары Беларусі не павінны забываць аб нацыянальных традыцыях, гаварыў у сваім  Пасланні да беларускага народа і парламента Прэзідэнт нашай краіны.
 
Цікава, а якія нацыянальныя традыцыі захоўваюцца ў сем’ях случчан? І якія з традыцый, на іх погляд, варта было б аднавіць? З такім пытаннем карэспандэнт «Слуцкага краю» звярнулася да жыхароў горада.


 Вольга Іванаўна:
– Кожнае свята, усе традыцыі, абрады і звычаі, якія адзначалі і шанавалі нашы продкі, на маю думку, маюць свае вытокі і глыбокі сэнс. Нельга забываць нам пра такія святы, як Каляды, Вялікдзень, Радаўніца і іншыя. Шмат цікавых абрадаў мелі   нашы продкі і падчас вяселляў, народзін, хрысцін, імянін. Усе яны былі накіраваны на добрае і светлае.
І каб нацыянальныя традыцыі былі ў народзе, іх не толькі трэба падтрымліваць. Варта і людзям быць больш дружнымі, бліжэй адзін да аднаго. Тыя ж  Каляды, Масленіца, гуканне вясны, Купалле, ды і сямейныя святы нельга ўявіць без  згуртаванасці.


Вольга:
– Святы і традыцыі беларусаў па-свойму ўнікальныя. Да прыкладу, мне вельмі падабаецца, што ў нас не забываюць адзначаць  Шчадрэц – шчодры вечар. Так прыемна на душы, што добрыя традыцыі ў нас не забываюць. Але вельмі хочацца, каб да свята больш далучаліся і дарослыя.
 
Тамара Іванаўна:
– Памятаю, як у маім дзяцінстве маці да Троіцы вымывала ў хаце, упрыгожвала аерам, да Вялікдня сама пякла пірагі.  Я таксама іх пяку, стараюся асвяціць у царкве.
Трэба берагчы нацыянальныя традыцыі,  развіваць іх, каб у нас, у беларусаў, было сваё, адметнае.  Тыя ж танцы. Якія прыгожыя раней былі! А беларуская кухня, якія смачныя стравы.  А нашы  сувеніры, ручнікі. Колькі ў іх сэнсу, гармоніі! Трэба, каб і школьнікаў часцей вадзілі ў музеі этнаграфіі, гістарычныя і іншыя. Расказвалі пра беларускую культуру, гісторыю.

Марыя,
мнагадзетная маці:

– Усё залежыць ад сям’і. Мы разам з дзецьмі «водзім Каляду», пячом бліны на Масленіцу. Усе святы беларусаў павінны мець працяг у стагоддзях. І нам, бацькам, трэба часцей расказваць дзецям пра іх сэнс.

Карына, студэнтка Слуцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа:
– Мне вельмі падабаюцца вяселлі, якія ладзяць на вёсцы. Хочац-ца, каб захоўваліся традыцыі вясельных абрадаў.
 У нас на Століншчыне таксама адзначаюць  Масленіцу, Каляды. На Беларусі не павінны забываць і пра свята Купалле, яблычны Спас і іншыя.

 Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи