Общество
1 min read
87

Шчаслівых вам дарог!

24 октября, 2020
0
Шчаслівых вам дарог!

 25 КАСТРЫЧНІКА – ДЗЕНЬ АЎТАМАБІЛІСТА І ДАРОЖНІКА

На ўчастку аўтадарогі Р-23, дзе працягваецца рэканструкцыя, штодня працуюць грузавыя машыны філіяла «Аўтобусны парк №2» ААТ «Мінаблаўтатранс», дастаўляюць гравій, пясок, іншыя будаўнічыя матэрыялы. На некалькі хвілін для інтэрв’ю спыніў свой МАЗ-6516С9 вадзіцель аўтобуснага парка №2 Антон Гарэльскі…

– Выдатная машына, магутная, – усміхаецца Антон Юр’евіч. – Грузападымальнасць – 30 тон. З-за асаблівасці канструкцыі вадзіцелі па-простаму празвалі яе «вярблюдам». Але гэта па-добраму, любячы, машына працуе бездакорна, і справа не толькі ў тым, што яна новая, тэхніка дасканалай канструкцыі…

Тры гады Антон Гарэльскі працуе ў аўтобусным парку №2. Гаворыць, работа ладзіцца, да гэтага спрабаваў свае сілы ў будаўнічай сферы, аднак праца вадзіцеля ўраджэнцу Капыльшчыны куды болей па душы. Мой субяседнік падзяліўся: работа вадзіцеля патрабуе асаблівай уважлівасці, сканцэнтраванасці, адказнага стаўлення, навыкаў, тым болей на будоўлі, дзе шмат тэхнікі. Антон адзначыў, падабаецца, што працуе на рэканструкцыі аўтатрасы Р-23 – значная, карысная справа для ўсёй Беларусі, пачэсна і адказна быць яе ўдзельнікам. За дзень робіць прыкладна 6 рэйсаў, цяпер дастаўляе пясок з кар’ера Гаёк. Нярэдка працуе і па суботах.

Антону – 28 гадоў, ён чалавек сямейны – з жонкай і чатырохгадовай дачушкай жывуць у сваім доме ў Слуцку. Гаворыць, у вольны час, па выхадных сям’я займаецца домам і агародам.

З цеплынёй Антон Гарэльскі распавядае пра калег, калектыў, у якім шмат вопытных спецыялістаў, вадзіцеляў. У ліку іх Мікалай Аляксандравіч Торык, у яго стажыраваўся Антон на пачатку работы ў аўтапарку.


Дырэктар філіяла «Аўтобусны парк №2» ААТ «Мінаблаўтатранс» Мікалай Мікалаевіч Валетка расказаў, што ў калектыве 391 працаўнік. У аўтапарку 143 адзінкі эксплуатацыйнай тэхнікі: 93 аўтобусы і 50 грузавых аўтамабіляў. З 2012 года аўтапарк №2 абслугоўвае не толькі Слуцкі, але і Старадарожскі раён, гэта адно з буйных транспартных прадпрыемстваў Мінскай вобласці. У Слуцкім раёне АП №2 абслугоўвае 65 маршрутаў (18 гарадскіх, 46 прыгарадных, 1 міжнародны), у Старадарожскім раёне – 28 (2 гарадскіх, 25 прыгарадных, 1 міжнародны). Выконваюць заказныя перавозкі. Працягласць рэгулярных маршрутных сетак складае 2,6 тысячы кіламетраў.

Цікавая інфармацыя: транспартам аўтапарка ў сярэднім за дзень перавозяць 32,2 тысячы пасажыраў, выконваюць 642 рэйсы.

У аўтапарку працуе аўтаматызаваная сістэма дыспетчарскага кіравання, якая дазваляе праследжваць месца знаходжання аўтобусаў у рэжыме рэальнага часу. Для зручнасці пасажыраў у гарадскім транспарце працягваюць укараненне сістэмы «Аплаці», калі ўладальнікі смартфонаў змогуць карыстацца спосабам бескантактнай аплаты праезду.

Грузавым транспартам АП №2 за дзень перавозяць больш за 2,5 тысячы тон грузаў. Акрамя рэканструкцыі дарогі Р-23, вадзіцелі аўтапарка ўдзельнічаюць у ажыццяўленні іншых будаўнічых праектаў у рэспубліцы.

Як адзначылі ў калектыве, няпростая эпідэміялагічная сітуацыя сёлета паўплывала на дзейнасць арганізацыі, у асобныя перыяды попыт на яе паслугі паніжаўся. Аднак работнікі АП №2 нацэлены на вынік, эфектыўную працу. У тым ліку актыўна развіваюць іншыя віды паслуг. Напрыклад, у аўтапарку вадзіцелі могуць прайсці перадрэйсавы медагляд, па жаданні тут правядуць перадрэйсавы тэхнічны агляд тэхнікі. Слуцкі філіял ААТ «Мінаблаўтатранс» – адзінае ў рэгіёне прадпрыемства, якое мае сертыфікат на права тэхнічнага абслугоўвання і рамонт аўтамабільнай тэхнікі вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода ў гарантыйныя і паслягарантыйныя тэрміны эксплуатацыі. Дарэчы, за дзевяць месяцаў гэтага года ад іншай дзейнасці ў АП №2 атрымалі 257,9 тысячы рублёў, на 19,6% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Пажадаем работнікам аўтобуснага парка №2 поспехаў, удачы, шчаслівых рэйсаў. Згадзіцеся, вельмі патрэбная, адказная ў іх справа…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи