Будзьце знаёмы: Венік Гусь – так клічуць нашага героя па-вулічнаму. Венік – гэта памяншальнае ад імя Бенядзікт, Беня. Некалі, даўным-даўно, гэтаму шустраму і задзірыстаму выбілі ў час бойкі два пярэднія зубы. Так і «прыліпла» да яго з таго часу: замест Беня – Веня, замест Гуд – Гусь. А яшчэ мянушка Гусь прыстала да яго па той прычыне, што пры размове ён заўсёды рабіў памяркоўны выгляд і «па-гусінаму» выцягваў уперад шыю.
Дык вось, у той дзень Венік, важна расхаджваючы па базары, выбіраў сабе парася. Трэба сказаць, што выбіраць парасят Гусь умеў. Ён ведаў, які павінен быць лычык, якой даўжыні ножкі, у які бок закручаны хвосцік, каб падрастаючы парсючок добра еў, хутчэй круглеў і не шкодзіў падлогу. Перабраўшы прыкладна палову ружовенькіх і пярэсценькіх піскункоў, ён, нарэшце, убачыў таго, які спадабаўся: кругленькага, жвавенькага і не вельмі пісклівага парсючка. Гусь пераклаў сваю будучую гаспадарку ў мяшок, разлічыўся з прадаўцом і, задаволены сабою, памаленьку пайшоў да вакзала. Дарогаю ён уяўляў, як ветліва сустрэне дома жонка, у чарговы раз расхваліць свайго гаспадара суседцы, а яму, можа, і сто грамаў «даматканачкі» налье. Закалыхалі Веніка салодкія мары. Не заўважыў, як і да вакзала датупаў. Але тут нібы ўраган перавярнуў далейшы ход падзей.
Хто б мог падумаць, што тут, ля прывакзальнага хлебнага ларка, ён сустрэне свайго даўняга закадычнага дружка Косціка Арцёмчыка. Дарэчы, Арцёмчык жыў з сям’ёй непадалёку ад вакзала ў цешчынай хаце і штодня купляў у гэтым ларку хлеб. Абняліся, як родныя браты, няйначай, быццам даўно забылася тое, што калісьці Косцік «адбіў» у Веніка сваю будучую жонку, якая ўжо столькі гадоў стараецца знайсці трапныя словы для мужа, каб у дэталях апісаць ваяж «зялёнага змея», што напару з Косцікам і днюе, і начуе. І так соладка стала абодвум ад той сустрэчы, што аж насы засвярбелі. Але ж з такой паклажай, як парсючок у мяшку, ні ў адно кафэ не пусцяць. Адназначна было вырашана пакінуць жыўнасць, каб ніхто не бачыў, у камеры захоўвання багажу. Так і зрабілі. І ўжо два вольныя арлы ў «свабодным палёце» накіраваліся ў добра знаёмае абодвум кафэ «Залатоўка».
Вядома, спатрэбілася шмат часу, пакуль кожны, з асалодай раз-пораз куляючы празрыстую гаркату кілішкаў, змог выказаць свае прэтэнзіі да жыцця, скаргі на жонку і прызнанні ў павазе адзін аднаму. Таму з «Залатоўкі» «выплылі» прыцемкам, пакінуўшы там змесціва сваіх кашалькоў і апошнія надзеі на лепшае жыццё.
Калі на паўсагнутых дапляліся да вакзала, убачылі, што ячэйка камеры, куды быў змешчаны парсюк, адчыненая і пустая, а адна з пасажырак расказвала другой, што дзяжурнаму па вакзалу разам з міліцыянерам давялося ўскрыць ячэйку, бо ад парасячага віску жахаліся ўсе пасажыры, думалі, што вучэнні па грамадзянскай абароне пачаліся. Халодны пот выступіў у Веніка на лбе, хацелася праваліцца скрозь зямлю. Шукаць парсюка было небяспечна: за правядзенне «вучэнняў па грамадзянскай абароне» ў апошняй стадыі нецвярозасці можна было загрымець «на ўсю катушку». І не быў бы Косцік сапраўдным сябрам, каб не падказаў выйсце – «свіснуць» парася ў хляве арцёмчыкавага суседа. А Веніку без капейчыны ў кішэні і без парсючка нічога не заставалася, як згадзіцца, бо дома яго чакала «апошняе развітанне славянкі».
Вырашылі ісці агародамі – так непрыкметней. Спатыкаючыся, дапляліся да яшчэ незачыненага нанач хлеўчыка, дзе ціхенька рохкала крыху падрошчаная, накормленая свінка. Усё ўдалося лёгка, нават мяшок вісеў тут жа, на лесвіцы, нібы прыгатаваны загадзя..
Пакуль вандроўнікі лавілі свінку, пайшоў апошні аўтобус у венікаву вёску. Каб доўга не цырымоніцца, Венік вырашыў ехаць на таксі, папярэдзіўшы шафёра, што грошы для разліку возьме ў жонкі, як прыедзе. Па дарозе пасажыр заснуў і, калі прыехалі ў вёску, шафёру давялося яго будзіць і дапамагаць выйсці з машыны. Як толькі Венік, пакінуўшы ў машыне крадзеную свінку, зайшоў па грошы ў хату, там пачалася такая лаянка, што праз незавешаныя вокны шафёр мог толькі здагадвацца, якія прадметы лятаюць у паветры, каб апусціцца на галаву Веніку. Каб пазбегнуць удзелу ў гэтых «разборка», і, ацаніўшы прыбытак у мяшку разоў у 12 большым за кошт праезду, шафёр «даў газу», толькі яго і бачылі.
Канцоўку гэтай гісторыі ведала толькі раніца, якая прыйшла на ўсе падворкі і вулачкі. Доўга галасіла жонка Косціка, калі ўранку, адчыніўшы хлевушок, убачыла, што няма свінкі. На чым свет кляла яна злодзея. А сам Косцік не мог уцяміць, чаму ўкрадзеная для Веніка свінка была вельмі падобная на іхнюю. Венікавай жонцы давялося паверыць, што грошы на парася ўкралі, а мужа задарма прывёз «такі добры таксіст». І толькі таксістава цешча не магла суняць радасці і расхвальвала суседзям клапатлівага, гаспадарлівага зяця, што прывёз ёй учора ружовенькую, куртаценькую свінку.