Цёпла, лірычна, узнёсла ў Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшла творчая сустрэча з Канстанцінам Цыбульскім, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніком секцыі музыкі СПБ.
Канстанцін Пятровіч цесна звязаны са Слуцкам: з 1982-га па 1998 год ён працаваў інспектарам па справах непаўналетніх у Слуцкім РАУС, актыўна ўдзельнічаў у культурным жыцці горада і на працягу дзесяці гадоў кіраваў літаратурным творчым саюзам «Случ». Менавіта ў гэты перыяд выйшаў першы паэтычны зборнік паэтаў Случчыны «На крылах душы» (1992), а ў 1994 годзе – аўтарскі зборнік Канстанціна Пятровіча «Ноч маладзіка».
Слуцк стаў месцам нараджэння і адной з самых вядомых беларускіх песень – «Бацькоўскі зруб», напісанай Канстанцінам Цыбульскім сумесна з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Уладзімірам Івановым. Песня атрымала шырокую вядомасць у выкананні Анатоля Ярмоленкі і ансамбля «Сябры». А яшчэ менавіта Канстанцін Цыбульскі з’яўляецца аўтарам вядомай усім случчанам песні «Горад майго кахання», якую ў пэўнай ступені можна лічыць гімнам Слуцка. Дарэчы, многія з вершаў Канстанціна Цыбульскага сталі песнямі.
Падчас сустрэчы са случчанамі Канстанцін Пятровіч падзяліўся ўспамінамі пра дзейнасць літаратурнага саюза «Случ», расказаў пра свой творчы шлях, з натхненнем чытаў вершы, выканаў песні, якія з’яўляюцца сведчаннем багатага паэтычнага таленту аўтара, глыбіні яго пачуццяў. Творы паэта прасякнуты пяшчотай і любоўю да радзімы, людзей, прыроды. Яны аб’яднаны ў зборніках «Вецер эпохі» (1995), «Малітва i песня» (2006), «Силуэт в окне» (2006), «Мгновение над бездной» (2008), надрукаваны ў калектыўных зборніках «Вёсны» (1977), «Поиск» (1995), «Я тут бачу свой край» (2005), «Песню бярыце з сабою» (2005).
Удзельнікі сустрэчы дзякавалі госцю за выдатны творчы падарунак, душэўную размову гарачымі апладысментамі.


















