Ці ведалі вы, што адна з нямногіх жанчын у нашай краіне, якія кіруюць трактарам, ужо шмат гадоў працуе ў СУП «Леткаўшчына-Агра» на Случчыне? Знаёмцеся, гэта Яўгенія Аляксееўна Качан.


Невысокая, худзенькая і вельмі жвавенькая жанчына ў белым берэціку глушыць рухавік свайго жалезнага сябра Т-25 і спрытна саскоквае з кабіны трактара. На твары прыемная, лагодная усмешка:


– Ужо на пенсіі. Але не магу сядзець дома. Сумна. Вось і працую. Тут я штодня пры справе, – кажа Яўгенія Аляксееўна. – Кармы на фермы прывожу, будаўнічыя матэрыялы дастаўляю. А то сажанцы падвожу… Кожны дзень па 6 – 10 рэйсаў раблю. З задавальненнем! Таму што люблю сваю работу!


Падчас размовы жанчына ўспамінае, як прыехала на Случчыну, у калгас імя Леніна (цяпер – СУП «Леткаўшчына-Агра») з Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці яшчэ зусім маладзенькай, 18-гадовай дзяўчынай.


– Нас тады сямёра дзяўчат прыехала па дагаворы на тры месяцы цялятніцамі працаваць. Ну вось за тры месяцы я тут і замуж выйшла, – усміхаецца субяседніца. – І засталася. Нарадзіліся дзеткі. З імі доўга не сядзела дома. Адзін год. Адчувала, разам са свякроўю заставацца дома сорамна, трэба з мужам ісці працаваць…


Некаторы час была ў паляводчай брыгадзе. Потым старшыня калгаса прапанаваў мне вучыцца на трактарыстку. Скончыла курсы, практыку праходзіла на месцы… Першы мой трактар быў без кабіны. Вазілі на іх угнаенні, апрацоўвалі глебу, касілі і зграбалі травы. Потым былі трактары Т-40, на адным з іх працавала і я. І вось ужо больш за 30 гадоў кірую сваім чырвоненькім Т-25.


Штодня жанчына, гаспадыня, маці дваіх дзяцей спяшалася на працу ў поле. А яшчэ доўгі час трымала вялікую гаспадарку – дзве каровы, свіней. Даводзілася рана ўставаць і праваць дапазна. Рана пайшоў з жыцця муж. Адна падымала дзяцей. Работа, кажа, была і хлебам, і радасцю…


Як трактарыстка са стажам Яўгенія Аляксееўна выйшла на заслужаны адпачынак ў 50-гадовым узросце. Але працаваць не пакінула. Яшчэ 26 гадоў нязменна крочыць на работу.


За сваю працу мае ўзнагароды – граматы ад сельгасарганізацыі і райвыканкама. У рамках акцыі «Жанчынам зямлі беларускай» Яўгеніі Аляксееўне нават новы імянны трактар Беларус Т-80 на сельгасарганізацыю выдзелілі.


– Я ж прывыкла да свайго, таму ўступіла яго маладому механізатару, – кажа субяседніца. – Усяго 48 з паловай гадоў на трактары… Гэта 3-ці трактар, на якім працую, і адрамантаваць сама яго добра ўмею. Не раз даводзілася ў дарозе з паломкамі спраўляцца. Ну а калі вялікія і цяжкія дэталі трэба падымаць, то дапамагаюць у майстэрні цесляры, паставяць як трэба, а прыкручваю ўсё сама, мне спакайней так, – усміхаецца жанчына.


Яўгенія Аляксееўна была і дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Яна жыве ў вёсцы Мусічы, трымае невялікую гаспадарку, па вечарах шые, вяжа, вышывае… Хоць, кажа, гэта ўжо і не ў модзе, але яшчэ адзін занятак для душы. На святы засцілае вышытыя абрусы. Чакае ў госці дзяцей – сына і дачку, дваіх унукаў. А яшчэ расказвае, што вельмі шчаслівая, нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, знаходзяцца сілы працаваць. Бо праца прыносіць шчасце, лічыць жанчына.


Дарэчы, Яўгенія Качан штодня дабіраецца да работы на мехдвор у Леткаўшчыну самастойна, хоць у сельгасарганізацыі і арганізаваны падвоз работнікаў. Зімой пешшу, летам на веласіпедзе. «Усяго два кіламетры, дык як жа не прайсціся!», – кажа Яўгенія Аляксееўна. Вось такая яна – простая вясковая жанчына – руплівіца, аптымістка!


Наталля ГРАМЫКА.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи