Колькі б гадоў ні прайшло – памяць аб разумным, добрым і вечным, пасеяным настаўнікам, будзе жыць. Настаўнік аддае вучням частку сваёй душы, свайго сэрца, жыве іх нягодамі і радасцямі, сталее разам з імі, закладвае асновы ведаў, светапогляду.  
Як у песні: галоўнае ў свеце – гэта нашы дзеці. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №12 Наталля Чухольская выхоўвае дабрыню і спагадлівасць у сваіх вучнях. Як мнагадзетная маці ведае, што як няма аднолькавых дзяцей знешне і па характары, так і няма аднолькавых вучняў – кожнаму з іх патрэбна ўвага. Напярэдадні Дня настаўніка мы пагутарылі з Наталляй Сяргееўнай пра школу, педагагічны шлях і дзейнасць настаўніка. 
– Наталля Сяргееўна, раскажыце, з чаго пачаўся ваш шлях у педагогіку.
– Некалі на маё прафесійнае будучае паўплывала мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Галіна Іванаўна Амяльковіч. З дзяцінства ў мяне вялікая любоў і цікавасць да роднага слова, да роднай мовы. У 10-м класе я стала пераможцай раённай алімпіяды па беларускай мове, прымала ўдзел у абласным этапе. І загарэлася яшчэ больш. Вырашыла, што буду настаўніцай, як Галіна Іванаўна і мая бабуля Алена Іванаўна Кулеш. У 1994 годзе я закончыла Беліцкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём, паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць беларуская мова і літаратура, дзіцячая і юнацкая журналістыка. Па заканчэнні атрымала спецыяльнасць выкладчыка беларускай мовы і літаратуры. Працавала ў сваёй сельскай школе, а з 2019 года – у сярэдняй школе №12. 
– Як Вы лічыце, што галоўнае ў адносінах «настаўнік – вучань»?

– Для паспяховага ўзаемадзеяння з вучнямі педагогу трэба выкарыстоўваць індывідуальны падыход. Адзін  вучань хутка засвойвае матэрыял, а другому патрэбна больш увагі. А магчыма і іншыя шляхі выкладання матэрыялу. 
Патрэбна даць вучням не проста веды, але і садзейнічаць фарміраванню і развіццю ў іх пазнавальных інтарэсаў і здольнасцей, творчага мыслення, уменняў і навыкаў  самастойнай разумовай дзейнасці. 

– У чым сакрэт вашага ўзаемаразумення з вучнямі?

– Выхоўваць сучаснае пакаленне трэба на ўласным прыкладзе. Сёння на першы план выступае асоба самога настаўніка, ён здольны перадаваць вучням толькі тыя каштоўнасныя арыенціры, якія ёсць у самога. Таму я лічу, што кожны педагог павінен пастаянна знаходзіцца ў руху, самаўдасканальвацца. Можна сказаць – вучыцца. Развівацца кожны дзень, цікавіцца не толькі сваім прадметам, а і самаму быць цікавым. 
– Як можна зацікавіць сучаснага падлетка вывучаць родную мову і літаратуру?

– Я стараюся разнастаіць урок рознымі формамі работы, накіраванымі не толькі на развіццё крытычнага мыслення маіх вучняў, але і іх творчай дзейнасці. Для раскрыцця творчых здольнасцей дзяцей прымяняю актыўныя формы і медаты: гутаркі, дыскусіі, конкурсы, індывідуальныя заняткі. Тыя, хто любіць маляваць, ілюструюць прачытаныя творы,  урыўкі з апавяданняў, іншыя складаюць загадкі і красворды. Такім чынам фармірую навыкі, якія неабходны сучаснаму падрастаючаму пакаленню: уменне творча падыходзіць да рашэння розных праблем, арганізоўваць, а галоўнае, паспяхова рэалізоўваць сваю дзейнасць. 

– Што для Вас самае галоўнае ў прафесійнай дзейнасці?

– Маё крэда: поспех вучня – найлепшая ўзнагарода. Вынікам маёй работы можна лічыць паспяховы ўдзел вучняў у алімпіядным руху. Дзеці таксама ўдзельнічаюць і ў конкурсах работ даследчага характару, маюць шмат перамог і ў гэтым накірунку дзейнасці. 
– Ці ўдаецца адпачыць пры такой напружанай штодзённай працы? 

– Настаўнік заўсёды ў рабоце. І нават дома. Аднак, каб не страціць жыццёвага аптымізму, не згубіцца ў паўсядзённай рабоце, стараюся быць актыўнай, удзельнічаць у розных конкурсах. Так, у 2020 годзе я была ўдзельнікам раённага этапу рэспубліканскага конкурса «Настаўнік года-2020», у 2022 годзе прымала ўдзел у раённым конкурсе «Самы класны класны», узнагароджана дыпломам удзельніка. Таксама ўдзельнічала са сваёй сям’ёй у конкурсе сярод мнагадзетных сем’яў Слуцкага раёна. Атрымалі толькі прыемныя ўражанні і эмоцыі. 
– Якім павінен быць сучасны настаўнік?

– Па-першае, добразычлівым да дзяцей і калег, валодаць тонам і тактам у зносінах з дзецьмі, бацькамі, калегамі. Па-другое, заўсёды дзяліцца сваім вопытам з калегамі, а таксама не саромецца і вучыцца ў іх. Лічу, што адкрытасць, камунікабельнасць і добразычлівасць дапамагаюць пабудаваць правільныя зносіны ў калектыве, павагу сярод калег, вучняў і іх бацькоў. 
Настаўнік беларускай мовы і літаратры падзялілася са мной цудоўным выказваннем А.П. Чэхава: «Настаўнік павінен быць артыстам, мастаком, быць улюбёным у сваю справу!», дзе артыст – гэта віртуоз, майстар сваёй справы, а артыстызм адзначаецца як дзейнасць, узнятая на ўзровень мастацтва, як вышэйшы ўзровень удасканалення ў сваёй дзейнасці. Такі настаўнік – чалавек духу, ён жыве інтарэсамі вучняў. 
Задумваюся і для сябе адзначаю, што Наталля Сяргееўна – прафесіянал сваёй справы, а дзякуючы сваёй адданасці працы, аптымізму, руху наперад яе чакае шмат новых перамог. Поспехаў Вам на школьнай сцэне, майстра!


Кацярына БАРЫСЕВІЧ.
  
About Author
СК
View All Articles
Посмотрите последние записи этого автора!
О безопасности с юмором
Парламентарий продолжает работу в округе
Валерий Гайдукевич проведет прием граждан в Слуцке

Похожие записи