У нашым доме менавіта так. У суседнім пад’ездзе жывуць маладыя сем’і, якія вельмі любяць слухаць музыку. На поўную моц. Каб усе чулі. Таму з навінкамі сучаснай музыкі мы ўжо добра знаёмы і можам нават падпяваць.
Іншы раз мы знаходзім кампраміс. Выхадны дзень, гляджу кіно, а ў суседзяў, як потым высветлілася, свята. А якое ж свята без песень! На маю заўвагу і прапанову зменшыць узровень дэцыбел пачула:
– А у нас, вообще-то, день рождения!
– А ў мяне выхадны дзень, і я хачу адпачыць, – адказала я кампаніі маладых людзей. Праз пэўны час музыка стала граць цішэй.
Ёсць у нас яшчэ адна аматарка музыкі. Як толькі завядзе дзіця ў яслі-сад, адразу, як кажуць, расслабляецца пад гучныя мелодыі. А яшчэ з кватэры за сценкай можна пачуць спевы пад баян. Згадзіцеся, рэдкасць, таму мне яшчэ, можна сказаць, пашанцавала. Малады чалавек добра спявае, прыемна слухаць, але не ў 22.00. Пажадана б, канечне, каб рэпертуар мяняўся, але тут ужо не пакамандуеш.
Некаторыя могуць сказаць, не падабаецца – жыві ў прыватным доме, там ніхто не будзе перашкаджаць цішыні і спакою. Але чаму я павінна мяняць месца жыхарства? Суседзям, на маю думку, трэба памятаць, што побач жывуць таксама людзі. Тым больш пераважна сталага ўзросту. А ім, вядома, хочацца цішыні. Час бяжыць хутка, неўзабаве мае суседзі-меламаны таксама захочуць спакою…
- Дарэчы, у адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, можна карыстацца тэлевізарамі, радыёпрыёмнікамі, магнітафонамі і іншымі гучнымі прыладамі толькі пры ўмове змяншэння чутнасці да ўзроўню, які не парушае спакою іншых грамадзян у жылым доме. А з 23.00 да 7.00 не павінны ажыццяўляцца дзеянні, якія ствараюць вібрацыю і шум (у тым ліку ігра на музычных інструментах, гучныя размовы і спевы, прымяненне піратэхнічных сродкаў, выкананне бытавых (рамонтных) работ, правядзенне ручных пагрузачна-разгрузачных работ, рэзкае закрыццё дзвярэй і іншыя дзеянні). Вось як! А за парушэнне правілаў можна і штраф атрымаць.
Так што, паважаныя чытачы, перш чым уключыць гучна музыку, падумайце.
Вераніка СНЕЖАНЬСКАЯ.
Фота: nedexpert.ru