Лета спявае на поўную сілу, дасягнуўшы свайго эпагею. Радуюць багаццем агароды, на ўсе лады гучыць птушыны хор, убіраецца хлеб, рыхтуюцца кармы жывёле. Работа кіпіць! Але нават у напружаным рытме сельскага жыцця ёсць месца святу, якое дорыць адпачынак, натхненне і прыгажосць.

18 ліпеня 2026 года ў вёсцы Клешава адбылося свята выхаднога дня «Хай лета звонкае смяецца!». Яно сабрала шматлікіх жыхароў і гасцей з навакольных вёсак і стала шчырым прызнаннем у любові да роднага куточка зямлі, да дарагой Бацькаўшчыны з яе багатай гісторыяй і цікавымі чалавечымі лёсамі.

Ганаровымі гасцямі свята сталі паважаныя жыхары Клешава: былы старшыня гаспадаркі Сыцько Антон Аляксандравіч, які доўгі час узначальваў яе і шмат зрабіў для росквіту; ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна, ветэран працы Галіна Аляксандраўна Касымакунава – цудоўны чалавек і прывабная жанчына. Прысутныя цёпла сустрэлі яе выступленне, падчас якога яна павіншавала ўсіх са святам і выказала шчырыя словы падзякі людзям, з якімі працавала і дзяліла радасць перамог.

Асабліва кранулі словы Галіны Аляксандраўны ў адрас Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з якім ёй давялося сустрэцца асабіста. Яна дзякавала за годнае жыццё ў роднай Беларусі і, галоўнае, за мірнае неба над галавой.

На свяце ўшанавалі самую старэйшую жыхарку вёскі – Марыю Іванаўну Пратасевіч, якой споўнілася 92 гады; самую малодшую – шасцімесячную Дзіяну Бабінскую; а таксама сям’ю Васілія Ігаравіча і Галіны Мікалаеўны Сурко за дасягнутыя поспехі ў добраўпарадкаванні падвор’я.

Усім адзначаным уручылі дыпломы і каштоўныя падарункі, а для іх прагучалі музычныя нумары.

Пасля ўрачыстай часткі адбыўся святочны канцэрт. Гучалі душэўныя песні, дасціпны гумар артыстаў, захапляльныя танцавальныя рытмы. Канцэртная праграма нікога не пакінула абыякавым: людзі падпявалі, танцавалі, весяліліся і шчодра адорвалі артыстаў бурнымі апладысментамі.

Свята ўдалося. Вакол панавала атмасфера радасці, вяселля і задаволенасці. Людзі адпачылі, атрымалі мноства станоўчых эмоцый і выказвалі пажаданне хуткай сустрэчы.

Добрае надвор’е таксама спрыяла святочнаму настрою: сінеча бяздоннага неба, подых свежага ветрыка, прыемны пах кветак і травы напаўнялі наваколле і рабілі дзень асабліва светлым.

Па матэрыялах Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи