Устанавіліся спякотныя дні. Случчане пацягнуліся да вадаёмаў. Купанне на тэрыторыі Слуцкага раёна на сённяшні дзень дазволена толькі на тэрыторыі вадасховішча «Рудня» (згодна з санітарнымі нормамі купанне дазволена толькі для дарослых). 

На жаль, не ўсе разумеюць што надпіс «Купанне забаронена» ля вадаёму ўсталяваны не для прыгажосці.
У выхадныя дні ў рэйд з удзелам спецыялістаў камісіі па справах непаўналетніх, упраўлення па адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама, Слуцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама па месцах, забароненых для купання, адправілася карэспандэнт «Слуцкага краю».
Суботні дзень, на берагах тэхнічнага кар’ера, названага ў народзе Камора, дастаткова шматлюдна.
– А мы не мясцовыя, мы з Расіі, – адказвае адна з кампаній. – А чаму нельга? Ні адной таблічкі аб забароне тут няма. А месца прыгожае, маляўнічае.
Дарэчы, зусім нядаўна па перыметры вадаёма было ўстаноўлена дзевяць папераджальных знакаў, зараз жа – ні аднаго.
– Тут плаваць нельга, кар’ер – тэхнічны, няроўнае абрывістае дно. Купанне тут можа абярнуцца бядой, – папярэджваюць удзельнікі рэйду.
Іншая кампанія да заўвагі паставілася агрэсіўна.
– Так, мы ведаем, што нельга. Заўсёды тут плавалі і будзем плаваць.
Ні настойлівыя парады выратавальнікаў, ні інфармацыя аб трагедыях на вадзе не спыняюць некаторых рызыковых людзей.
Папярэдзіць бяду – мэта, з якой удзельнікі рэйду рабілі аб’езд па месцах, не абсталяваных для купання.
На тэрыторыі шлюзаразмеркавальнікаў у раёне 11-га гарадка мы заўважаем кампанію падлеткаў на веласіпедах.
– Хлопцы, вы тут купаецеся?
– Не, мы проста катаемся, адпачываем, – адчуўшы нядобрае, адказваюць хлапчукі. – А што здарылася?
– Вы ведаеце, што тут плаваць забаронена? Вам у школе расказвалі аб правілах бяспекі і паводзін на вадзе?
– Мы з бацькам у Салігорск на пляж ездзім, – адказвае адзін з падлеткаў.
Падчас гутаркі да моста на веласіпедзе пад’ехаў трынаццацігадовы падлетак з братам чатырох гадоў. Малы сядзеў  не ў дзіцячым крэсле, а на раме, з усіх сіл схваціўшыся маленькімі ручкамі за руль.
На пытанні, што яны тут  робяць і дзе бацькі, хлопчык адказаў, што яны проста катаюцца, а мама дома.
– Ты разумееш, што падвяргаеш небяспецы не толькі сябе, але і маленькага браціка, – гаварылі падлетку. Ён маўчаў у адказ.
У адпаведнасці з правіламі дарожнага руху Рэспублікі Беларусь язда на веласіпедзе ў гарадской мяжы дазволена толькі з 14 гадоў, догляд за малым – з шаснаццаці. Хлапчукоў пасадзілі ў аўтамабіль і адвезлі маме, якая ў гэты час была на рабоце.
На маму хлапчукоў складзены адміністрацыйны пратакол.
Там жа заўважылі яшчэ дваіх малалетніх, якія неслі ў руках ручнік.
– А куды вы ідзяце?
– Купацца, – адказваюць дзеці. – Вось наш дзядуля едзе.
Пажылы мужчына павёў сябе агрэсіўна, з абурэннем уступіў у дыскусію з удзельнікамі рэйду, абгрунтоўваючы купанне ў забароненым месцы тым, што на гарадскім пляжы вада не чысцей, рака тая ж самая. На довады аб тым, што ў 11-м гарадку купанне забаронена, мужчына не рэагаваў.
Не таму вучыць унукаў дзядуля…
У гэтым годзе вада забрала ўжо не адно жыццё. Рэкамендуем жыхарам купацца толькі ў вадаёмах, дзе дазволена (найбліжэйшы – вадасховішча Рудня). Асаблівую ўвагу надавайце дзецям.
Усім аматарам «дзікага» адпачынку ў гэты дзень былі вынесены папярэджанні.
Рэйды па забароненых для купання месцах працягваюцца.
Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи