Штодня ў лячэбных установах Беларусі дарослыя і дзеці маюць патрэбу ў пераліванні кампанентаў донарскай крыві па жыццёвых паказаннях. Донарская кроў застаецца незаменным лячэбным сродкам.

Загадчыца Слуцкай станцыі пералівання крыві Алена Аляксандраўна Сініла расказала пра донарства ў Слуцку.
Станцыі пералівання крыві існуюць для нарыхтоўкі, перапрацоўкі, захоўвання крыві, яе кампанентаў і прэпаратаў, для бесперабойнага забеспячэння лекава-прафілактычных устаноў кампанентамі і прэпаратамі крыві для аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву, таксама арганізацыі донарства ў сферы іх дзейнасці.
Донарства крыві з’яўляец­ца цалкам бясшкоднай і бяспечнай працэдурай, – адзначае Алена Аляксандраўна. – Кожны наш донар дае згоду на правядзенне абследавання яго крыві на ВІЧ, гепатыты і іншыя захворванні.  Без абследавання кампаненты донарскай крыві не могуць быць выдадзены ў лячэбную сетку для хворых. Кроў у донараў нарыхтоўваецца ў стэрыльны пластыкавы гемакон з кансервантамі, якія прадухіляюць згортванне. Потым у спецыяльных цэнтрыфугах яна падзяляецца на плазму і эрытрамасу. Плазма знаходзіцца на карантыне на працягу паўгода – гэта сярэдні інкубацыйны перыяд інфекцыйных захворванняў, якія перадаюцца праз кроў. Праз паўгода мы паўторна бяром у донара кроў на абследаванне. Калі ўсе аналізы добрыя, плазма выдаецца ў лячэбную сетку. Эрытрамасса ж захоўваецца ўсяго 35 сутак.
У 2019 годзе кроў здалі 1 076 случчан, з іх 86 – донары кампанентаў крыві (плазмы) і 990 донараў крыві. 30 чалавек сталі ганаровымі донарамі Рэспублікі Беларусь у 2019 годзе.
Чым здача крыві адрозніваецца 
ад здачы плазмы?
Найбольш распаўсюджаны спосаб – здача суцэльнай крыві. Яна бярэцца з вены на руцэ ў сярэднім 450±50 мл за адзін раз. Доўжыцца працэдура 7 – 10 хвілін.
Пасля пяці рэгулярных кровадач неабходна зрабіць перапынак на 3 месяцы.
Можна здаваць не суцэльную кроў, а яе кампаненты, напрыклад, плазму, працэдура называецца плазмаферэз, або трамбацыты – трамбацытаферэз.
Пры здачы плазмы бярэцца кроў донара, з якой вылучаюць частку плазмы, а эрытрацыты вяртаюць донару. Плазму можна здаваць з інтэрваламі не менш 2 тыдняў, а суцэльную кроў – не больш 3 – 5 разоў у год з інтэрваламі ў 60 дзён.
У ходзе такіх працэдур з крыві донара выбарачна здабываецца толькі неабходны для клінічнага выкарыстання кампанент.
У 2019 годзе Слуцкай стан­цыяй пералівання крыві было нарыхтавана 2 553 літры донарскай крыві, з іх 26% бязвыплатнае донарства.
Па словах загадчыцы станцыі, бязвыплатнымі донарамі часта становяцца тыя людзі, якім у пэўны перыяд жыцця самім спатрэбілася пераліванне крыві. 
Але донарская кроў патрабуецца пастаянна. Толькі ў дзень наведвання карэспандэнтам станцыі было пададзена 4 заяўкі на пераліванне крыві.
Донарская кроў патрэбна ўвесь час, – расказвае Елена Аляксандраўна, – у лютым яе патрэба склала 24 літры эрытрацытаў і столькі ж плазмы, а гэта прыблізна 200 донараў. Акрамя Слуцкай ЦРБ кроў адпраўляем у Капыль, Любань, Старыя Дарогі, частку крыві – у Мінск. У сваю чаргу ўсе станцыі пералівання крыві рэспублікі ў любы момант перададуць тую, якой няма ў наяўнасці на нашай станцыі.
Хацелася б асабліва адзначыць, што зараз у Беларусі ствараецца Рэспубліканскі рэестр донараў касцявога мозгу, – адзначае Алена Аляксандраўна. – Усе жадаючыя стаць донарамі могуць звярнуцца да нас. Мы бяром аналіз крыві на фенатып, які затым адпраўляем у Мінск. Там праз спецыяльную базу дадзеных адбываецца пошук супа­дзення фенатыпа донара і пацыента. У базе ўжо больш 50 000 донараў, і чым іх больш, тым лепш, па-мойму, бо часцей за ўсё падобныя аперацыі неабходныя дзецям.
Аляксандр Раманеня здае кроў ужо дзясяты раз. Прызнаецца, што вырашыў стаць донарам па прыкладзе брата.
Чаму я стаў донарам? Праўду кажучы, немалую ролю адыгрывае грашовая кампенсацыя. Але ў той жа час няма нічога больш каштоўнага, чым чалавечае жыццё. Сучасная медыцына дазваляе многае замяніць у арганізме чалавека, але кроў незаменная. Донарства з’яўляецца важнай сацыяльнай місіяй. Кожны з нас можа выратаваць жыццё чалавека, для гэтага трэба зусім няшмат – кропельку смеласці і крышачку спагады.
Вольга Вячаславаўна Сіняў­ская пастаянны донар, упершыню кроў здала яшчэ студэнткай. Прыклад мамы перанялі і два яе сыны:
Мне, як чалавеку звязанаму з медыцынай, шмат разоў даводзілася бачыць пакуты іншых людзей, іх родных, таму выбар перада мной ніколі не стаяў. Так што, адказваючы, чаму я донар, скажу коратка: таму што інакш нельга.
Што трэба, каб стаць донарам?
У першую чаргу – жаданне і добрае здароўе, узрост ад 18 да 60 гадоў. Для здачы крыві трэба ўзяць пашпарт, ваенны білет, да­дзеныя флюараграфіі не пазней за адзін год, выпіску з медыцынскіх дакументаў аб перанесеных захворваннях, траўмах, аперацыях (узяць у паліклініцы па месцы жыхарства), заключэнне ўрача-гінеколага (для жанчын), агульны аналіз мачы па патрабаванні медрэгістратара. Такая даведка прадастаўляецца кожныя паўгода.
Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи