Як пражыць 50 гадоў разам і захаваць цеплыню адносін? Гэта ведаюць залатыя юбіляры Ніна Мікалаеўна і Іван Аляксандравіч Бойкі. 4 красавіка яны адзначылі 50-ы дзень нараджэння сям’і. У бацькоўскай хаце ў Прошчыцах сабраліся дзеці і ўнукі, каб павіншаваць сваіх любімых родных.
Напярэдадні ў гэтых гасцінных людзей пабывала і я. Акуратны домік, дагледжаная тэрыторыя, утульныя чысценькія пакоі – адчуваецца гаспадарская рука. Тут юбіляры жывуць ужо 5 гадоў: спадчына Ніны Мікалаеўны.

Усмешлівая і гаваркая Ніна Мікалаеўна, стрыманы і сур’ёзны Іван Аляксандравіч – яны дапаўняюць адзін аднаго, сапраўды як дзве палавінкі, якія разам утвараюць гарманічнае цэлае – сям’ю. І гаворым мы больш з Нінай Мікалаеўнай, Іван Аляксандравіч калі-нікалі ўстаўляе рэплікі.
Пазнаёміліся Ніна Мікалаеўна і Іван Аляксандравіч у 1969 годзе, разам працавалі на цукроварафінадным камбінаце. Дарэчы, гэта адзінае ў жыцці абаіх прадпрыемства. Іван Аляксандравіч пачынаў грузчыкам, пасля вывучыўся на машыніста цеплавоза і да пенсіі працаваў на рэйках. Ніна Мікалаеўна пасля заканчэння 9 класаў пачала на пункце па прыёме буракоў, а пасля перайшла ў ведамасны дзіцячы сад №16 памочнікам повара, праз год прайшла курсы і стала працаваць поварам. І да выхаду на заслужаны адпачынак не мяняла рабочае месца. Іван Аляксандравіч прыехаў на Слуцкі цукровы завод пасля службы ў арміі. Родам ён з Брэстчыны, пасля заканчэння сямі класаў паехаў у Растоўскую вобласць на заработкі: у сям’і было 9 дзяцей, матэрыяльнае становішча не вельмі. Адтуль і ў армію прызвалі, на флот на 4 гады.

– Што спадабалася яму, заўважыла не адразу, – расказвае Ніна Мікалаеўна, – сустракаліся ў канторы і ўсё. Ну а потым неяк закруцілася ўсё. Мне падабалася, як Іван са мною абыходзіўся, яго адносіны да мяне, не было ў яго ганарыстасці залішняй. А мяне, гаварыў ён пасля, адзначыў за тое, што я на абед у сталовую пераапраналася, а пасля на працоўнае месца зноў адпаведна адзявалася, заўважыў такую акуратнасць. З 9 мая, помню, сябраваць пачалі. А ў 1970-м пажаніліся. Я дагэтуль і сукенку сваю берагу, просценькую, але прыгожую. Мы абое з небагатых сем’яў, мяне мама адна гадавала, у іх дзяцей колькі. Нялёгка было ў першыя гады жыцця сямейнага, ды стараліся. Жылі ў інтэрнаце некалькі гадоў, працавалі добрасумленна, пасля і кватэру атрымалі.
Праз два гады пасля вяселля нарадзілася дачка, яшчэ праз тры – другая, а потым і сынок. Колькі радасці было! Ніна Мікалаеўна заўсёды марыла мець вялікую сям’ю, расла ж адна ў мамы.
Першыя гады сумеснага жыцця былі, пэўна, самымі, складанымі, пытаю я, калі прыходзілася прывыкаць адзін да аднаго.
– Былі напачатку замінкі, – усміхаецца Ніна Мікалаеўна. – У сям’і Івана галоўным быў бацька, ён грашамі распараджаўся, у маёй – іншая сітуацыя. І не атрымалася ў мяне пагадзіцца з такім размеркаваннем роляў. Іван малайчына, не настойваў на першынстве сваім, зарплату аддаваў усю. Я ўдзячная яму, ніколі не крыўдзіў мяне, не зневажаў, да шклянкі не прыкладваўся. Прыняў, што я галоўная, і ўсё. З другога боку, думаю цяпер, гэта крыху і расхалоджвае мужчыну. А ў жыцці ўсякае было… Мы вось дамовіліся, што калі нехта з нас сварыцца пачне, то другі маўчаць будзе. Толькі ж я не змаўчу, калі маю рацыю! Але Іван больш цярплівы, больш саступае мне, хутчэй змаўчыць, чым сварыцца будзе. Калі б ён іншым быў, не ведаю, як жылі б… Бывае, і я проста іду з хаты, каб не сварыцца, або заспяваю. І гумар, вядома, выручае.
Ну вось яна, мудрасць. А пявуння Ніна Мікалаеўна знатная! Спявала ў хоры цукроварафінаднага камбіната (была і салісткай), у хоры ветэранаў гарадскога Дома культуры. Па яе ініцыятыве з’явіўся вядомы ўжо ансамбль «Случчанка», які выступаў і на «Славянскім базары». Іван Аляксандравіч таксама чалавек музыкальны, сам асвоіў гармонік ды і голас добры мае, гаворыць жонка.
– У двары пад вішняй, бывала, сядзем і заспяваем. І з сябрамі калі збіраліся, часта міні-канцэрты ладзілі, – расказвае Ніна Мікалаеўна. – Я і спяваць, і танцаваць люблю. Уся радня мая музычная такая, цёця ў Старой Ніве жыве, 89 ёй споўнілася, дагэтуль пяе, нават тэлебачанне яе здымала. І я, калі спяваю, нібы ажываю. Калі бывала ў санаторыях, заўсёды ўдзельнічала ў конкурсах. Мне гэта вельмі падабаецца, песняй жыву.
І ў гэтым захапленні Ніну Мікалаеўну заўсёды падтрымліваў муж. Калі на рэпетыцыі хадзіла ў хор, на выступленні ездзіла, заўсёды з дзецьмі заставаўся, не пярэчыў. Гэта вельмі важна, лічыць Ніна Мікалаеўна. Цікаўлюся, ці не раўнаваў яе Іван Аляксандравіч, такую актыўную, таварыскую, бойкую. Не, адказвае ён.
– Мне пашанцавала, ён мне давяраў заўсёды, – кажа Ніна Мікалаеўна. – Я ніколі нічога не ўтойвала, Іван ведаў, дзе я, з кім. Калі яшчэ не было тэлефонаў, пакідалі дома запіскі і былі ў курсе падзей. І цяпер тое ж самае, заўсёды на сувязі.
Давер у сям’і гэта вельмі важна, гэта ўмацоўвае адносіны. Як і агульнасць інтарэсаў, сумесныя перажыванні. Не бывае сям’я для аднаго толькі чалавека. Гэта нялёгкая работа дваіх. А вынік гэтай сумеснай дзейнасці – напоўненае маленькімі і вялікімі радасцямі жыццё, і трывогамі, і хваляваннямі, але падзеленымі на дваіх.
Ці адчуваюць сябе Ніна Мікалаеўна і Іван Аляксандравіч шчаслівымі, як пражыць 50 гадоў разам, прайсці праз выпрабаванні (гора не мінула сям’ю: страцілі сярэднюю дачку) і не перастаць усміхацца і спяваць?
– Мы шчаслівыя: удваіх, у пары, дзеці і ўнукі – наша жыццё і наша радасць. У дачкі Наталлі дзве дочкі, у сына Аляксандра два сыны. Дзяўчаты танцуюць, хлопчыкі займаюцца футболам. Мы іх вельмі любім, – адказвае Ніна Мікалаеўна. – І яны пра нас клапоцяцца. Прыйшоў час, калі ўжо мы іх павінны слухаць. А ў сям’і галоўнае кахаць, цаніць і дапамагаць адзін аднаму, умець саступаць, думаць адзін пра аднаго. Калі ўсё разам рабіць, то і жыццё добрае атрымліваецца і падаўжаецца, тады і ўсміхацца будзеш.
– А нічога тут няма складанага, – завяршае Іван Аляксандравіч. – Проста жыві, не стварай сам сабе цяжкасцей.
І як тут не згадзцца?