Іду сцяжынкаю лясной, 
З дзяцінства мне даўно знаёмай.
Стаяць ялінкі чарадой.
Шапоча дуб ліствой зялёнай.
Спакой. Птушыны голас сціх.
Вакол ні голасу, ні шуму.
Здаўна прыходжу я да іх,
Тут адпачне душа ад тлуму.
Галінка раптам здрыгане,
Абсыпле галаву ігліцай.
Аб нечым вецер уздыхне
І стоена пачне маліцца.
Да абеліска падыду:
«Нікога з вас мы не забылі».
І ціха кветкі пакладу
Байцам, што край мой баранілі.
Хай пройдзе семдзесят, хоць сотня
Гадоў з той памятнай пары,
Свой каравул не памяняюць
Яліны ў лесе на гары.

Похожие записи