Мая дачка пяцікласніца выконвала дамашняе заданне па беларускай літаратуры. Чыталі твор Васіля Лынькова «Васількі». Пасля абмяркоўвалі прачытанае. І тут яна задае мне пытанне: што б я зрабіла на месцы галоўнага героя Міколкі.

Адказ быў відавочны – зрабіла б тое самае. Для мяне не можа быць іншых варыянтаў. Мае дзядулі і прадзядулі – героі Вялі­кай Айчыннай вайны. Я – нашчадак пакалення Пераможцаў. Пра часы ваеннага ліхалецця рас­казвала мая бабуля, што нарадзілася ў 1937-м. Я выхоўвалася на яе аповедах, чыта­ла шмат твораў пра вайну, цікавілася гісто­рыяй подзвігаў маіх родных. Мой тата – воін-інтэрнацыяналіст.

Я толькі чула пра вайну… Яна здавалася мне чымсьці далёкім і несапраўдным…
У 2025-м мы адзначылі 80-годдзе Вялікай Пера­­могі. І чым больш прахо­дзіць часу з пераможнага сорак пятага, тым больш адчуваецца напружанне, якое адбываецца на сусветнай арэне. І цяпер ужо бразгатанне танкавых гусеніц, гул самалётаў чуецца на тэрыторыях некаторых дзяржаў, у тым ліку суседніх. І становіцца страшна…

Кажуць, што людзьмі кіруюць любоў і страх. Няхай жа намі, як сапраўд­нымі патрыётамі сваёй краіны, кіруе толькі лю­боў. Хай гэта любоў перадаецца і нашым дзецям: з аповедамі пра гераічных продкаў, са зжаўцелымі фотаздымкамі дзеда ў ваеннай форме, з баявымі ўзнагародамі, што бера­ж­ліва захоўваюцца дзе­сяцігоддзямі ўнукамі і праўнукамі, з вялікім болем і жаданнем, каб ніколі не паўтарылася страшэнная трагедыя, з якой сутыкнулася кожная чацвёртая беларуская сям’я…
Дачка глядзіць мне ў вочы. Яна ўсё разумее. Яна ўжо дарослая. Ціхенька абдымае мяне і марыць, каб над нашай краінай ды і ва ўсім свеце ззяла чыстае блакітнае неба. Мірнае неба…

Кацярына БАРЫСЕВІЧ.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи