Мая дачка пяцікласніца выконвала дамашняе заданне па беларускай літаратуры. Чыталі твор Васіля Лынькова «Васількі». Пасля абмяркоўвалі прачытанае. І тут яна задае мне пытанне: што б я зрабіла на месцы галоўнага героя Міколкі.
Адказ быў відавочны – зрабіла б тое самае. Для мяне не можа быць іншых варыянтаў. Мае дзядулі і прадзядулі – героі Вялікай Айчыннай вайны. Я – нашчадак пакалення Пераможцаў. Пра часы ваеннага ліхалецця расказвала мая бабуля, што нарадзілася ў 1937-м. Я выхоўвалася на яе аповедах, чытала шмат твораў пра вайну, цікавілася гісторыяй подзвігаў маіх родных. Мой тата – воін-інтэрнацыяналіст.
Я толькі чула пра вайну… Яна здавалася мне чымсьці далёкім і несапраўдным…
У 2025-м мы адзначылі 80-годдзе Вялікай Перамогі. І чым больш праходзіць часу з пераможнага сорак пятага, тым больш адчуваецца напружанне, якое адбываецца на сусветнай арэне. І цяпер ужо бразгатанне танкавых гусеніц, гул самалётаў чуецца на тэрыторыях некаторых дзяржаў, у тым ліку суседніх. І становіцца страшна…
Кажуць, што людзьмі кіруюць любоў і страх. Няхай жа намі, як сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, кіруе толькі любоў. Хай гэта любоў перадаецца і нашым дзецям: з аповедамі пра гераічных продкаў, са зжаўцелымі фотаздымкамі дзеда ў ваеннай форме, з баявымі ўзнагародамі, што беражліва захоўваюцца дзесяцігоддзямі ўнукамі і праўнукамі, з вялікім болем і жаданнем, каб ніколі не паўтарылася страшэнная трагедыя, з якой сутыкнулася кожная чацвёртая беларуская сям’я…
Дачка глядзіць мне ў вочы. Яна ўсё разумее. Яна ўжо дарослая. Ціхенька абдымае мяне і марыць, каб над нашай краінай ды і ва ўсім свеце ззяла чыстае блакітнае неба. Мірнае неба…
Кацярына БАРЫСЕВІЧ.