Сёлетняя пасяўная кампанія досыць няпростая. Таянне снега ў канцы сакавіка – пачатку красавіка, шматлікія дажджы,  – усё гэта  стала прычынай пераўвільгатнення глебы. У некаторых сельгасарганізацыях нават  на дзень-два спынялі палявыя работы. Калі спрыяе надвор’е,  аграрыі раёна  прыкладаюць намаганні, каб у тэрмін і як належыць пасеяць яравыя культуры.

Па стане на 20 красавіка раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без уліку кукурузы, грэчкі, проса) у раёне пасеяны на 100% адведзеных плошчаў. Актыўна вядзецца сяўба траў, аднагадовых, цукровых буракоў, прыступілі да сяўбы царыцы палёў – кукурузы.

– Бывае, што на адно поле выязджаем па два-тры разы, каб засеяць яго. Механізатары, якія заняты на закрыцці вільгаці, падрыхтоўцы глебы, сяўбе, працуюць зранку і да позняга вечара. У залежнасці ад поля, стану глебы праходзім з культыватарам па 2 – 3 разы, – расказвае выконваючы абавязкі галоўнага агранома ААТ «Аграфірма «Лучнікі» Сяргей Савановіч.

Для лепшай апрацоўкі глебы набылі ў лізінг новы «Кіравец» расійскай вытворчасці, да якога можна прычапіць культыватар з 10-мятровым ахопам глебы. Аднак лагчыны з вадой усё ж месцамі застаюцца. Іх засеяць плануюць пазней.


– Калі летась у гэты час засявалі па 60 гектараў за дзень, то зараз – па 50, – расказвае механізатар Дзмітрый Амбражэвіч. – Складана, але без працы хлеба не будзе.

Дзмітрый Амбражэвіч у гэтай сельгасарганізацыі працуе больш за 10 гадоў, добра ведае ўсе тонкасці земляробчай справы.

– У параўнанні з мінулым годам, па тэмпах сяўбы крыху адстаём, тым не менш дзякуючы намаганням нашых працаўнікоў у агратэхнічныя тэрміны ўкладваемся, – расказвае Сяргей Савановіч. – Пасеялі авёс, ячмень, яравую пшаніцу.

Хоць у ААТ «Аграфірма «Лучнікі», як і ў многіх іншых сельгасарганізацыях, стаўку робяць на азімыя збожжавыя (іх восенню пасеялі на 200 гектараў больш ранейшага), і ад яравых не адмаўляюцца. Яны займаюць чвэрць у агульным зерневым кліне сельгасарганізацыі.

– Цалкам адмовіцца ад іх вырошчвання нельга, – гаворыць выконваючы абавяз­кі галоўнага агранома. – Па-першае, мы элітгас па вырошчванні збожжавых. Трэба весці сортаабнаўленне. Карыстаюцца попытам авёс, яравая пшаніца, якія даюць добры прыбытак сельгасарганізацыі. Па-другое, яравыя – гэта свайго роду страховачныя культуры на выпадак, што дзесьці могуць не прыжыцца азімыя. Ды і іншыя культуры таксама павінны быць у гаспадарцы. Эксперыментуем, за­во­зім новыя сарты. Пры іх выбары звяртаем увагу на рэкамендацыі па нормах высеву насення, бо гэта таксама сказваецца на ўраджайнасці, эканамічных паказчыках.

Зараз у аграфірме «Лучнікі» сеюць аднагадовыя і цукровыя буракі. У гэтым сезоне цукровыя буракі даручылі сеяць вопытнаму механізатару Аляксандру Клевановічу.


– Глеба вельмі вільготная. Даводзіцца часцей спыняцца, прачышчаць сеялку. Але, як кажуць, сей у гразь і будзеш князь. А калі яшчэ і з душою да працы падысці, то і ўраджай будзе, што трэба, – разважае механізатар.

Прыступаюць у сельгасарганізацыі і да сяўбы кукурузы. Каля 40% адведзеных плошчаў плануюць засеяць айчыннымі гатункамі кукурузы, каля 60% – замежнымі. Рыхтуюць і насенне бульбы.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи