Дзеткі туляцца да Ірыны Васілевіч нібы птушаняты, агорнутыя яе дабрынёй, пяшчотай і клопатам. Малых не падкупіш фальшывымі эмоцыямі, іх сэрцы заваёўваюцца шчырасцю і любоўю.

– Да кожнай справы трэба мець свае схільнасці, – разважае памочнік выхавальніка ДУА «Дзіцячы сад №19 горада Слуцка» Ірына Васілевіч. – У дзяцінстве мне падабалася клапаціцца пра суседскіх малышоў, гуляць з сябрамі «ў школу». Магчыма, мая схільнасць абумоўлена тым, што я з мнагадзетнай сям’і: сёмае, самае меншае, дзіця ў бацькоў. Наш дом у вёсцы Нежаўка заўсёды поўніўся дзіцячым гоманам.

Відаць, сам лёс умяшаўся ў выбар Ірыны: пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіла ў Слуцкае ПТВ, атрымала прафесію маслароба, але па стане здароўя па спецыяльнасці на працу не ўладкавалася. Маладую прыгажуню ахвотна ўзялі на работу нянечкай у дзіцячы сад №18 у Слуцку. Яна з  лёгкасцю знаходзіла агульную мову з дзецьмі, аддана клапацілася пра маленькіх выхаванцаў. Праз некаторы час прай­шла прафесійную перападрыхтоўку і яе накіравалі на пасаду выхавальніка ў дзіцячы сад №19.


– Гэта было ажно ў 1987 годзе, – усміхаецца Ірына Сцяпанаўна, – сямнаццаць гадоў рабіла на гэтай пасадзе, а потым стала памочнікам выхавальніка. Гавораць, пры шматгадовай рабоце на адным месцы, у адной прафесіі наступае «прафесійнае выпальванне». Гэта не пра мяне, па-ранейшаму працую з радасцю і задавальненнем!

У абавязках памочніка выхавальніка, а прасцей кажучы, нянечкі – уборка памяшканняў, мыццё посуду і многія-многія іншыя гаспадарчыя клопаты, ад якіх залежаць чысціня, санітарыя ў дзіцячым садзе, а галоўнае – камфорт маленькіх выхаванцаў. Але не толькі гэтым займаецца мая гераіня, пры неабходнасці Ірына Васілевіч замя­шчае выхавальніка, праводзіць з дзеткамі гульні, разам чытаюць казкі, малююць, займаюцца іншымі карыснымі справамі.

– У нашым садзе ў тым ліку займаюцца з дзецьмі з парушэннямі маўлення, іншымі асаблівасцямі развіцця, – дзеліцца Ірына Сцяпанаўна. – На базе ўстановы ажыццяўляюцца адпаведныя праекты раённага і абласнога ўзроўняў, вынікі добрыя. А інакш і не можа быць, бо наш калектыў цудоўны, дружны, ініцыятыўны. Шмат гадоў узначальвае ўстанову выдатны кіраўнік Святлана Канстан­цінаўна Жук, не першы год працую разам з выхавальнікам Людмілай Стані­славаўнай Масюк, педагогам-дэфектолагам Наталляй Мікалаеўнай Мішчыхінай і іншымі. Цудоўна, што калектыў папаўняюць маладыя кадры, ды яшчэ якія! Напрыклад, наш малады спецыяліст Крысціна Снятко ўжо пераможца абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства ў намінацыі «Педагагічны дэбют». 

Вікторыя Гяч, намеснік загадчыка дзі­цячага сада №19 па асноўнай дзейнасці, пераможца конкурсу прафесійнага май­стэрства «Настаўнік года-2020» у намінацыі «Выхавальнік дашкольнай адукацыі»:

– Наша Ірына Сцяпанаўна – душэўны і адказны чалавек, выдатная работніца. На выхаваўчай ніве працуе каля 40 гадоў. Яна для ўсіх нас узор сапраўднага прафесіяналізму, тактоўнасці, вытрымкі, мудрасці. У любой сітуацыі знойдзе падыход да дзяцей – калі трэба, супакоіць, развяселіць, зойме цікавай гульнёй, і з бацькамі заўсёды знаходзіць агульную мову.  Яна сапраўдная нянечка, пра якіх раней пісалі ў кнігах, чулая, добрая, родная…

– Для мяне ўсе дзеці, як свае, – гаворыць Ірына Сцяпанаўна. – Агульная наша мэта – каб яны сталі прыстойнымі людзьмі, годнымі грамадзянамі нашай Беларусі, каб былі здаровымі і шчаслівымі. Перажываю за кожнага, радуюся іх поспехам. Многія з былых выхаванцаў нашай установы ўражваюць сваімі дасягненнямі. Думаю, што і мы, наш калектыў унеслі часцінку паспяховасці ў іх лёс. Гэта прыемна…

Мая суразмоўца шчаслівая ў шлюбе. З будучым мужам Сяргеем з Капыль­шчыны пазнаёміліся на дыскатэцы і, можна сказаць, закахаліся з першага позірку. У іх дачка Наталля, якая працуе медработнікам, двое ўнукаў-школьнікаў Герман і Станіслаў. Дарэчы, у ліпені гэтага года Ірына і Сяргей Васілевічы адзначаць 35-годдзе сумеснага жыцця. Шчасця добрым людзям!

Наталля СЕЛЯЗНЁВА. 

Похожие записи