Восеньскае свята ўраджаю «Багач» – адно з самых значных і любімых у беларускім народным календары. Яно сімвалізуе заканчэнне збору ўраджаю, падзяку зямлі і павагу да працы хлебароба.
Гэта свята традыцыйна адзначалася з наступленнем восеньскага раўнадзенства, калі палі і сады ўжо пуставалі, а ўраджай быў паспяхова сабраны. Назва звязана з галоўным атрыбутам абраду – «багачом», ці «лубком»: адмысловым кошыкам, у які кожная сям’я прыносіла па жмені жыта, абмалочанага з першага снапа.
У гэты дзень людзі дзякавалі прыродзе за шчодрыя дарункі і прасілі дабрабыту на наступны год. «Будзь багаты, як восень!» – казалі нашы продкі. Лічылася, што «Багач», які захоўваўся ў покуці хаты, служыць моцным абярэгам для сям’і і закладам будучага дастатку.
Работнікі Казловіцкага сельскага Дома культуры ў вобразах Багача і Гаспадыні падрыхтавалі для дзяцей Казловіцкага дзіцячага сада займальнае падарожжа ў свет народных традыцый. Расказалі юным гледачам гісторыю і пра сэнс свята, паказалі традыцыйны ўрачысты сноп, упрыгожаны кветкамі і каляровымі стужкамі. А затым гэта падарожжа працягнулася ўжо сярод вучняў Казловіцкай школы.
Дзеці не проста слухалі аповед, але і знаёміліся з народнымі прыметамі, вучыліся шанаваць нялёгкую працу хлебаробаў. Школьнікі ж сталі не толькі ўважлівымі гледачамі, але і ўдзельнікамі даўнейшага абраду.
Юныя вяскоўцы даведаліся, як даўней у лубок збіралі жыта з усёй вёскі, устаўлялі і запальвалі свечку, што сімвалізуе сонца, а потым з запаленай свечкай урачыста абыходзілі ўсю акругу.
Кульмінацыяй сустрэчы сталі народныя танцы, песні і гульні, а таксама частаванне сакавітымі беларускімі гасцінцамі.
Такія сустрэчы дапамагаюць юнаму пакаленню адчуць прыгажосць роднай культуры, зразумець яе вытокі і ацаніць багатую спадчыну сваіх продкаў. Захоўваць свае карані — значыць мець моцную будучыню.



Па матэрыялах Слуцкага народнага цэнтра народнай творчасці.