Праходзіць датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На ўчастках для галасавання пабывалі карэспандэнты «Слуцкага края».
Ірыну і Дзмітрыя Цяцернік з сынам Максімам сустрэлі на ўчастку для галасавання № 21, які размешчаны на першым паверсе будынка СШ №13.
– Мой муж працуе ў Слуцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях камандзірам аддзялення, і ў дзень выбараў, 9 жніўня, у яго дзяжурства, таму галасуем датэрмінова, – распавядае Ірына. – Я вельмі люблю родную Беларусь – такую самабытную і яркую, асабліва цяпер, калі ўсё патанае ў зеляніне, а на палях прыбіраюць хлеб. А яшчэ радуе чысціня вакол, парадак, люба глянуць. Таму я выбіраю стабільнасць, упэўненасць у заўтрашнім дні, тут жывуць мае бацькі, родныя, сябры, блізкія, усе, хто дарагі майму сэрцу. Лічу, што кожны з нас павінен зрабіць свой усвядомлены і адказны выбар, таму што ён уплывае на будучыню нашых дзяцей… А таксама гэта адна з магчымасцяў прыняць удзел у будаўніцтве далейшага курсу нашай дзяржавы.
Ірына Мазура.