Такіх людзей, як вадзіцель ААТ «Вясейскі Пакроў» Уладзімір Пісарык, называюць рупліўцамі. Глядзіш на яго і разумееш, што вось яна – сапраўдная любоў да роднай зямлі, якая адлюстроўваецца ў адносінах да працы, да сваёй справы.
Уладзімір Пісарык нарадзіўся і вырас у вёсцы Гацук. Скончыўшы школу, як і многія хлапчукі, хацеў паступаць на механіка. Аднак лёс вырашыў інакш – Уладзімір скончыў Смілавіцкі каледж па спецыяльнасці пчалярства. Пасля вучобы працаваў на Мінскім пчолапрадпрыемстве. А потым вярнуўся на малую радзіму, дзе і сустрэўся са сваёй жонкай. З 1982 года сям’я Пісарык жыве ў Мялешках. Тады ж працаваў на «таблетцы» (машына хуткай дапамогі старога ўзору) на падвозе дзяцей. У 1986 годзе вадзіцелю далі новенькі «ГАЗ». Гэта цяпер Уладзімір Пісарык – перадавік, які перавёз у мінулым годзе 1 800 тон зерня, заняўшы трэцяе месца ў вобласці. А раней ён працяглы час дзяжурыў на зернесушылцы.
Пра свае поспехі на ўборачнай мужчына расказвае са сціпласцю, гаворыць, што ніякіх складанасцей не было, але мы ведаем, што яго працоўны час пачынаўся з самай раніцы і завяршаўся зацемна. Увогуле, на чарзе 37-я ўборачная. Разважаючы пра гэты год і дасягненне новых перамог, вадзіцель адзначае, што галоўнае – каб здароўе не падвяло.
Акрамя штодзённай руплівай працы, Уладзімір Уладзіміравіч не пакінуў сваю даўнюю справу – пчол. У вулеях пчаляра жывуць чатыры сям’і. Штогод пчолкі старанна прыносяць разнастайны мёд.
– Я ж гацукоўскі, а гэта значыць, што пчолы, лес, грыбы, ягады – гэта маё жыццё. Бывае, еду дадому, ды толькі не па асфальте, а менавіта праз лес. Спынюся, назбіраю крыху «белых» і тады ўжо накіроўваюся ў бок дома, – расказвае вадзіцель. – Акрамя гэтага вельмі люблю футбол. У маладосці і гуляў нядрэнна. А зараз – балельшчык слуцкай каманды, часта прыязджаю на матчы. Таксама цікаўлюся Англійскай лігай, тут мае любімыя каманды «Арсенал» і «Лестар».
Падчас размовы Уладзімір Уладзіміравіч часта жартуе. Голас яго ліецца так працягла, салодка, быццам той самы мёд з яго пчальніка. Вось толькі думаю, што праца яго зусім не салодкая, бо такія старанныя і адданыя людзі, як Уладзімір Пісарык, з салёным потам дасягаюць вынікаў на карысць сваёй Радзімы.
Кацярына БАРЫСЕВІЧ.