Традыцыйна, у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
У гэты дзень ва ўсіх гарадах і мястэчках нашай краіны праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы дзеля таго, каб яшчэ раз звярнуць ўвагу на нацыянальныя сімвалы нашай Дзяржавы. Случчына не стала выключэннем.
Ва ўрачыстым рытуале ўшанавання Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Курак, намеснікі старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Чарнушэвіч і Дзмітрый Прыгін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Аўсяннікава, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, працоўных калектываў, моладзь.
З гонарам удзельнікі мерапрыемства глядзелі, як прыгожа ўнеслі на пляцоўку нашы Дзяржаўныя сімвалы. Усе разам праспявалі Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Да прысутных на свяце звярнуўся старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Курак:
– Мы аддаём даніну павагі Дзяржаўным сімвалам краіны, якія азначаюць яе суверэнітэт і незалежнасць, бесперапыннасць развіцця беларускай нацыі, увасабляюць памяць і сувязь многіх пакаленняў, павагу да гісторыі нашай Айчыны, вернасць Радзіме і веру ў яе. З гербам, сцягам і гімнам Беларусі звязаны таксама галоўныя задачы сучаснасці – захаванне адзінства і згуртаванасці народа, а таксама выхаванне падрастаючага пакалення патрыётамі, якія шчыра любяць сваю Радзіму.
І сёння ва ўсёй краіне тысячы юнакоў і дзяўчат прыносяць клятву вернасці дзяржаўным сімвалам, як знак глыбокай павагі да нашых традыцыйных каштоўнасцей і гатоўнасці быць адказнымі за лёс Беларусі, берагчы і абараняць яе.
Мы, як і ўся краіна, імкнемся наперад, сваёй працай і дасягненнямі ствараем новыя старонкі гісторыі Беларусі.
Няхай Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн і надалей суправаджаюць усе нашы значныя здзяйсненні, а ў нашых сэрцах заўсёды жыве гонар за родную краіну, за працавіты і талерантны беларускі народ, за Случчыну.
У гэты ўрачысты дзень клятву вернасці Дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь ад маладога пакалення прынеслі прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і патрыятычных клубаў Случчыны.
“Клянёмся назаўжды захаваць словы свяшчэннай клятвы ў сэрцы, ўсё жыццё быць сапраўднымі патрыётамі Беларусі і перадаць любоў да Радзімы сваім нашчадкам” – гэтыя словы краналі сэрца кожнага прысутнага.
Працягам урачыстасці стаў прагляд прэм’еры фільма«Гимн – это сердце страны» ў кінатэатры “Беларусь”.













