На днях прыступіць да пасяўной плануюць ва ўсходніх раёнах Беларусі, у тым ліку на Случчыне.  Сёлета перад аграрыямі Мінскай вобласці стаіць задача атрымаць  на 1,5 млн тон зерня больш, чым у мінулым годзе. Павялічыць пасевы кукурузы. Важна забяспечыць сыравінай цукроварафінадныя заводы, таму прынята рашэнне  павялічыць і пасевы цукровых буракоў.

Для паскарэння тэмпаў работ яшчэ ў мінулым годзе на Міншчыне закуплена тэхніка  на суму 42 млн беларускіх рублёў, набыта 28 сушылак, плануецца закупка тэхнікі для сельскагаспадарчых работ яшчэ на суму 40 млн. беларускіх рублёў – трактароў, прычэпаў, апырсквальнікаў, прынята  рашэнне аб закупцы шыроказахопных касілак.


У нашым раёне

 
Аб падрыхтоўцы да вясенняй пасяўной, што ўжо зроблена і што плануецца, расказала  начальнік аддзела вытворчасці прадукцыі  раслінаводства і жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні  Слуцкага райвыканкама  Марына Пракаповіч:

– Сёлета падчас вясенняй пасяўной кампаніі ў раёне плануем засеяць каля 42 000 гектараў, у тым ліку збожжавымі культурамі, кукурузай і цукровымі буракамі. Як і ў цэлым па вобласці павялічым плошчы пад вырошчванне цукровых буракоў і кукурузы. Так, да прыкладу, салодкія караняплоды зоймуць на 200 гектараў больш, чым у мінулым годзе.

Пакуль ячшэ начныя замаразкі – да сяўбы прыступаць няма як, аграрыі заняты іншымі, не менш важнымі відамі работ. Вось ужо на працягу дзвюх тыдняў уносяць калійныя ўгнаенні пад травы і яравую сяўбу. На гэтым відзе работ штодня занятыя да 35 адзінак тэхнікі.  Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі – азотам, фосфарам і каліем – у цэлым па раёне складае 72% . Назапашана  азоту (60%), фосфару (31%) і калію (105%). Нарошчваем паступленні  азоту і фосфару.

Як і ў мінулыя гады, стаўка – на арганічныя ўгнаенні, тым больш што ў раёне вялікае пагалоўе жывёлы. Штогод у глебу ўносім больш за 1 мнл 1000 тон арганікі. Зараз у сельгасарганізацыях раёна ва ўсю вядуцца работы па вывазу яе на палеткі (вывезена 93% ад неабходнага), прыступілі да ўнясення арганікі ў глебу.

Насенны матэрыял  яравых збожжавых і зернебабовых падрыхтаваны больш, чым на 100%. А вось насеннем кукурузы забяспечаны пакуль на 65%. Работа ў гэтым кірунку працягваецца. Першымі будзем сеяць авёс і  ячмень, пазней – цукровыя буракі і кукурузу.
Вырошваннем элітнага зерня ў раёне займаюцца дзве сельгасарганізацыі. Каб на наступны год мець добры насенны матэрыял, 330 гектараў плануем  засеяць зернем эліты.

Як толькі пачнуцца плюсавыя тэмпературы, прыступім да пасяўной.

Важный аспект – гатоўнасць тэхнікі да вясенне-палявых работ. Па словах загадчыка сектара механізацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама Сяргея Савіцкага, на лінейцы гатоўнасці больш за 93%. Есць праблемы з закупкай імпартных запчастак для энерганасычанай тэхнікі, камбінаваных пасяўных агрэгатаў. Так, на сяўбе будзе задзейнічана каля 600 адзінак тэхнікі, у тым ліку 124 энерганасычаныя трактары. 9 энерганасычаных трактароў пакуль няспраўныя. На рамонт некаторых з іх патрэбна каля 100 тысяч беларускіх рублёў. Праблемы паступова вырашаюцца.


У надзеі на добры ўраджай

 
– Падкармілі ўсе травы (больш за  1 000 гектараў), цяпер уносім калій пад яравую сяўбу.
Пакуль марозік, то  ў першую чаргу, там, дзе нізкія ўчасткі, бо потым на такіх палетках будзе цяжкавата, – заўважае галоўны аграном Аграфірмы «Лучнікі» Сяргей Савановіч. – Мінеральных угнаенняў – 85% ад неабходнага.  З пратручванем насення пакуль спыніліся, бо мінусавыя тэмпературы.  Як толькі пацяплее, работы актывізуем, ды і рабочы дзень будзе больш працяглым для механізатаў. Ужо на гэтым тыдні прапанавалі ім гарачае харчаванне.

– Штодзень уносім у глебу каля 15 – 16 тон  калійных угнаенняў,  гэта 50 – 70 гектараў. Зямлі таксама трэба падкормка, тады і аддача будзе, – кажа механізатар Аграфірмы «Лучнікі» Аляксандр Ляткоўскі. – На ўнясенні мінеральных угнаенняў вось ужо восьмы сезон, працую на «Расе», цудоўная машына з добрай праходнасцю на праблемных участках, працаваць падабаецца. Хутка пачнём падкармліваць азімыя збожжавыя і рапс.

– Калійныя ўгнаенні  – гэта дадатковы элемент харчавання раслін, акрамя таго яны затрымліваюць вільгаць, якая так неабходна, – зазначае галоўны аграном Сяргей Савановіч. – Таму так важна ўнесці іх у глебу як мага хутчэй.

* * *

Па стане на 16 сакавіка больш за іншых назапасілі мінеральных угнаенняў у сельскагаспадарчым філіяле Слуцкага сыраробнага камбіната (102%), саўгасе «Рачкавічы» (96%), менш за іншых – у ААТ «Гольчыцкае» (41 % ).

Пад сяўбу яравых культур аграрыі раёна актыўна ўносяць калійныя ўгнаенні. Яны ўнесены на плошчы 19 708 га, у тым ліку на 4 641 га, адведзеных пад цукровыя буракі. Калійнымі падкормлены шматгадовыя (15 579 га) і лугавыя (3 570 га) травы.

У глебу ўнесена 306 170  тон  арганікі (28%), у тым ліку 13 380 тон за мінулы дзень.

У асобных сельгасарганізацыях прыступілі да ворыва глебы і закрыцця вільгаці.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи