У бліжэйшы час навасёлам будуць уручаны ключы ад кватэр у новым 80-кватэрным доме №282А на вуліцы Леніна. Дом у пэўным сэнсе адметны: гэта першая ў Слуцку пяціпавярхоўка з ліфтам. А яшчэ гэта дзявяты ў нашым горадзе шматпавярховы дом, у якім для мнагадзетных сем’яў пабудаваны кватэры з дзяржаўнай падтрымкай.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Слуцкага райвыканкама Вераніка Трунова адзначыла, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў» №240 (ад 4 ліпеня 2017 года) для мнагадзетных сем’яў і некаторых іншых катэгорый вызначыны такія формы дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля як субсідыі на пагашэнне часці працэнтаў і асноўнага доўгу па крэдытах банкаў. Гэта значная дапамога мнагадзетным і іншым катэгорыям.
Пра гэта гаварылі і некаторыя будучыя навасёлы, з якімі я сустрэлася ў новым доме і нават трапіла ў іх кватэры.

Алена Трушкіна (на фота) разам з мужам Аляксеем гадуюць трох цудоўных дачушак – 11-гадовую Ксюшу, 7-гадовую Надзею і маленькую шасцімесячную Любачку. Аляксей працуе вадзіцелем у філіяле «Генетык» ААТ «Смалявічы Бройлер», Алена знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем, настаўніца замежнай мовы. Я пабывала ў новенькай двухпакаёвай кватэры Трушкіных, дзе ўжо выкананы аддзелачныя работы.
– Ах, любата! – усміхаецца Алена, аглядваючы светлыя шпалеры і ў тон ламінат на падлозе. – Не думалі з мужам, што так хутка пабудуем сваё жыллё. Выдатна, што аказваецца дзяржаўная падтрымка мнагадзетным, маладым сем’ям, адчуваецца клопат дзяржавы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Мы рашылі, што адразу варта выканаць у кватэры і аддзелачныя работы, з гэтай задачай, як бачыце, паспяхова справіліся работнікі ПМК-225. Кватэра падабаецца і планіроўкай, як толькі атрымаем ключы, будзем засяляцца. Гэта сапраўднае шчасце.

У сям’і Грыгарук (на фота) – трохпакаёвая кватэра, пакуль яшчэ без тынкоўкі і шпалер. Але мнагадзетная сям’я рашуча настроена справіцца з яе ўладкаваннем за лета. Максім Грыгарук працуе ў БУ-55 ААТ «Будтрэст №3 Ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі», яго жонка Таццяна рабіла на Слуцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм, цяпер – у водпуску па доглядзе за дзіцем. У гэтай прыгожай сямейнай пары трое дзетак – Ганначка, якая заканчвае ў школе другі клас, пяцігадовая Златаслава і Арцёмка, якому яшчэ толькі годзік.
Відавочна, без дзяржаўнай падтрымкі, мы наўрад ці фінансава «пацягнулі» б такую кватэру, – адзначае Максім Грыгарук. – Пакуль пражываем у інтэрнаце, але ўжо у гэтым годзе абавязкова сюды пераселімся. Падабаецца мікрараён, каля дома сучасная гульнёвая пляцоўка для дзяцей, уладкавана аўтастаянка, непадалёку дзіцячы сад і школа. Канечне, эмоцыі перапаўняюць, шчаслівы год для нашай сям’і.

Пабывала я ў новым доме і ў аднапакаёўцы. Яе будзе абжываць мнагадзетная сям’я Статкевічаў (на фота). Аляксандр працуе на Слуцкім мясакамбінате, яго жонка Юлія, як казалі раней, у дэкрэтным водпуску – малодшаму сыночку Яўгену паўтара года, і яшчэ ў Статкевічаў двое сыноў – пяцігадовы Уладзіслаў і пяцікласнік Іван. Дарэчы, Ваня Статкевіч у мінулым годзе стаў адным з пераможцаў раённага этапа абласнога конкурсу «Вучань года Мінскай вобласці 2021». Як расказала Юлія, сям’я мае сваё жыллё, калі ж прапанавалі скарыстацца правам мнагадзетных на будаўніцтва кватэры, з радасцю пагадзіліся. Новы дом утульны і прыгожы, навасёлы спадзяюцца будзе радаваць цеплынёй і камфортам.
Галоўны інжынер ПМК-225 Павел Марозаў:
– Наша ПМК выконвала асноўныя работы на будоўлі гэтага дома. Ён, можна сказаць, асаблівы па канструкцыйным рашэнні, пры будаўніцтве прымянялі новыя тэхналогіі. У дзевяці кватэрах па жаданні і дамоўленасці з будучымі навасёламі сіламі нашай ПМК выкананы аддзелачныя і іншыя работы. Усяго ў доме 40 двухпакаёвых кватэр, па 20 – адна- і трохпакаёвых.
Інжынер па тэхнічным наглядзе за будаўніцтвам упраўлення капітальнага будаўніцтва Слуцкага раёна Дзмітрый Самусевіч:
– Новы дом адпавядае сучасным патрабаванням, праектаваўся з арыентацыяй на большую зручнасць, камфорт, эканомію энергарэсурсаў, інклюзію. У доме прадугледжаны спецыяльныя месцы для размяшчэння дзіцячых калясак. Ён забяспечаны ліфтам з так званым нулявым прыпынкам і моўным каналам, што зручна для людзей з інваліднасцю. Кожная кватэра забяспечана газавымі аўтаномнымі ацяпляльнымі прыборамі, якія дазваляюць жыхарам самастойна рэгуляваць паступленне цяпла і гарачае водазабеспячэнне.
Шчасця ў новым доме!








