У падзеях мінулага – нашы карані. 
А  дрэва без карэння  не можа  ні існаваць, 
ні тым больш прыносіць плады. 
У. Караткевіч.
У Лядненскай сярэдняй школе адкрыўся школьны тэатр «Батлейка» прэм’ерным паказам каляднага спектакля. Гэта значная падзея з’явілася вынікам рэалізацыі праекта Раённага этапу ІІ рэспубліканскага фестывалю-конкурсу праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый», прысвечанага году народнага адзінства. Праект атрымаў назву «Бялевічская батлейка: новае жыццё».
Падставай для выбару такой тэмы праекта з’явілася дзейнасць старажытнага лялечнага тэатра «Батлейка» ў вёсцы Бялевічы. Гэта наш асаблівы гонар і каштоўнасць, бо вёска знаходзіцца ў мікрараёне нашай школы. Да нас трапіў запіс батлеечнага прадстаўлення, якое адбылося ў красавіку 1962 года. А выявіў гэту дакументальную стужку ўлетку 2013 года старшыня Студэнцкага этнаграфічнага таварыства Аляксей Глушко ў фондах Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы. Як аказалася, у 1962 годзе сталічнымі навукоўцамі У.І. Няфёдам, К.Н. Саннікавым, Г.І. Барышавым, С.М. Міско былі арганізаваны здымкі народнай драмы «Цар Максіміліян» і батлейкі ў вёсцы Бялевічы Слуцкага раёна.
Школе дваццаціхвілінная нямая стужка, ужо адлічбаваная, была перададзена 16 лістапада 2013 года супрацоўнікамі аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі, якія наладзілі экспедыцыю ў вёску Бялевічы сумесна з прадстаўнікамі Студэнцкага этнаграфічнага таварыства і Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Пачалося падарожжа з візіту ў Лядненскую сярэднюю школу, дзе адбылася сустрэча з педагогамі і вучнямі. 
І ўсё ж самым галоўным момантам падарожжа навукоўцаў, педагогаў і вучняў школы стала сустрэча з колішнімі ўдзельнікамі ўнікальнай народнай традыцыі. Як высветлілася, удзельнікі пастаноўкі цьмяна памяталі здымкі 1962 года і нават не ведалі пра існаванне фільма. А таму цяжка перадаць словамі іх ўражанні ад убачанай стужкі.
У час той даўняй сустрэчы з навукоўцамі было выказана спадзяванне на адраджэнне традыцыі батлейкі. І вось сёння мы вярнуліся да гэтай тэмы з вялікім жаданнем стварыць праект, які прадугледжвае вывучэнне гісторыі развіцця батлейкі, а таксама мастацкую рэканструкцыю народнай батлеечнай традыцыі шляхам наладжвання школьнага лялечнага тэатра «Батлейка».
Ініцыятыву падтрымалі бацькі і вучні.  Вынашаная ідэя пачала паступова ажыццяўляцца творчай групай, якую ўзначаліла Свірыдава В.А., дырэктар школы, настаўнік беларускай мовы і літаратуры. 
Удзельнікі праекта пабывалі на экскурсіі ў Слуцкім цэнтры традыцыйнай культуры. Знаёмства са скарбам беларускай народнай творчасці – батлейкай, майстар-клас ад супрацоўнікаў цэнтра, дадатковая інфармацыя з гісторыі Слуцкай батлейкі –  яшчэ больш натхнілі на далейшую работу над праектам. 
Групай старшакласнікаў пад кіраўніцтвам Сеўрука А.С., настаўніка працоўнага навучання, быў выраблены корпус батлейкі. Гэта патрабавала асаблівай дакладнасці, спецыяльных навыкаў і немалой сілы духу і волі. 
А дзяўчынкі пад кіраўніцтвам Пісарык С.І., актыўнай прадстаўніцы бацькоўскай грамадскасці, дэкарыравалі батлеечную скрыню ў нацыянальных традыцыях і вырабілі лялькі. 
Акцёры пад кіраўніцтвам Свірыдавай В.А. старанна адпрацоўвалі ролі.  Цікавасць п’есе надало яркае музычнае і шумавое афармленне. 
Арганізацыя школьнай батлейкі – з’ява не новая. На працягу дзесяцігоддзяў батлейку выкарыстоўваюць для правядзення святочных мерапрыемстваў, дабрачынных акцый. Мяркуем, што невялікія габарыты чароўнага доміка адкрыюць дадатковыя магчымасці выкарыстання батлейкі не толькі ў пазаўрочны час, а і на самім уроку. Батлейку можна паспяхова прымяняць у дзіцячым садку, у школе: на ўроках у пачатковых класах, уроках беларускай мовы і літаратуры, мастацтва, гісторыі. На яе сцэне можна вобразна паказваць фрагменты гістарычных падзей, эпізодаў з мастацкіх твораў.
Яркая, прыгожая, інтэрактыўная – батлейка захоплівае і факусіруе ўвагу дзяцей, бо цесна звязана з ралявой гульнёй і ўтрымлівае ў сабе элементы самых розных відаў творчасці.
Батлейка стала своеасаблівым адкрыццём у нашым лічбавым свеце. Таму што ў батлейцы ўсё жывое, у ёй ёсць магія прыцягнення да дзеяння публікі, жывая ўзаемасувязь з ёй.
Гэта пацвердзіла нават першае выступленне нашай школьнай батлейкі. Пасля спектакля шчаслівымі былі ўсе: выканаўцы і гледачы, дзеці і дарослыя, многія з якіх бачылі батлеечнае прадстаўленне ўпершыню. Ва ўсіх вочы свяціліся радасцю і захапленнем. Артыстаў доўга не адпускалі, падыходзілі, дзякавалі, з захапленнм разглядалі лялек, распытвалі аб стварэнні спектакля, прасілі «павадзіць» лялек, фатаграфаваліся на памяць. Усе стваральнікі нашай батлейкі адчулі задавальненне ад сваёй працы. Гэта сведчыць аб адкрытых, добрых сэрцах, уменні суперажываць, верыць у дабро і цуды, а таксама аб тым, што сюжэты батлейкі не састарэлі, а сучасныя тэхналогіі здольны ўзмацніць магію гэтага старажытнага тэатра. А яшчэ ўсе зразумелі, што працяг у Бялевічскай батлейкі ёсць, яе эстафету падхапілі ў Лядненскай сярэдняй школе. 
Сёння, у год народнага адзінстава, неабходна, як ніколі, захаваць і развіваць гэту цудоўную справу, гэты дзейсны сродак далучэння да народнай культуры, гэту ўнікальную, самабытную традыцыю беларусаў, якая павінна стаць па-сапраўднаму беларускай нацыянальнай каштоўнасцю накшталт Слуцкага пояса.

Уладзіслаў СЯМАШКА, 
вучань 11 класа Лядненскай сярэдняй школы.

Похожие записи