Так лічыць старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі «Вытворчы ўчастак «Мялешкі»  ААТ «Вясейскі Пакроў», былы дырэктар Мялешкаўскай сярэдняй школы Людміла Бараноўская.

З Людмілай Мікалаеўнай сустрэлася ў кабінеце Слуцкага раённага са­вета ветэранаў. З першай хвіліны гутаркі гэта элегантная жанчына цалкам завалодала маёй увагай – вельмі цікавая суразмоўца, інтэлектуальная, актыўная, акрыленая… Фраза «сталы ўзрост» ёй ніяк не дапасуе.

Як жывеш, пярвічка?

– У нашай пярвічнай ветэранскай арганізацыі больш за 100 чалавек, – расказвае Людміла Мікалаеўна. – Гэта былыя працаўнікі калгаса імя Калініна, мясцовыя жыхары пенсіённага ўзросту. Што трэба чалавеку на пенсіі? Ляжаць на канапе? Ні ў якім разе. Сельскія пенсіянеры, канечне, не сядзяць склаўшы рукі, у вёсцы заўсёды знойдзецца работа на прысядзібным участку, па догляду хатняй гаспадаркі. Аднак, лічу, гэтага недастаткова. Пажылыя людзі павінны быць удзельнікамі грамадскага жыцця, адчуваць сваю запатрабаванасць. На гэта і накіравана дзейнасць нашай пярвічкі.

Як адзначае Людміла Бараноўская, ветэраны – людзі нераўнадушныя, ініцыятыўныя, удзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праводзяць у ААТ «Вясейскі Пакроў», Мялешкаўскім сельскім доме культуры, у раённых святах. Добрая традыцыя – удзел у мерапрыемствах патрыятычнага накірунку, у тым ліку падчас дзяржаўных свят, знакавых падзей у гісторыі краіны і роднага краю, праходзяць сустрэчы ветэранаў з вучнямі Мялешкаўскай сярэдняй школы.

Пра капліцу і лепшы падворак

Асаблівы напрамак работы ветэранскай арганізацыі – добраўпарадкаванне.

– Як гаворыцца, усёй талакой, мы ажыццявілі праект па рэстаўрацыі капліцы на могілках у Мялешках, – дзеліцца Людміла Мікалаеўна. – Капліца старэнькая, датуецца прыкладна сямнаццатым стагоддзем. Ідэю рэстаўрацыі падтрымалі многія жыхары вёскі, сабралі грошы на гэтыя мэты, вялікую дапамогу аказала былы кіраўнік ААТ «Вясейскі Пакроў» Людміла Аляксееўна Савановіч, якой, на жаль, ужо няма з намі. Аказвала актыўнае садзейнічанне і былая старшыня Вясейскага сельвыканкама Алена Анатольеўна Ганчар. Капліцу абнаўлялі не адзін год, многае рабілі сваімі рукамі, фарбавалі, перакладалі падлогу і іншае. Цяпер наша капліца выглядае годна, проста прыгажуня.

Непасрэдны ўдзел у рамонтных, добраўпарадчых работах прынялі члены ветэранскай арганізацыі Міхаіл Юльянавіч і Валянціна Васільеўна Мароз, Аляксандр Юльянавіч і Тамара Фёдараўна Мароз, Раіса Генадзьеўна Балатэвіч, Яўгенія Пятроўна Гурыновіч і многія іншыя ветэраны. Істотную дапамогу ў правядзенні рэстаўрацыі аказаў мясцовы жыхар Юрый Анатольевіч Барысавец.

А якія цудоўныя падворкі ў Мялешках, у тым ліку ветэранскія, падкрэслівае мая суразмоўца, – дагледжаныя, з густам аформлены, з мноствам кветак і малымі архітэктурнымі формамі. Напрыклад, Валянціны Аляксандраўны і Мікалая Васільевіча Крывогіных, Ніны Дзмітрыеўны Мінкевіч, Таццяны Мікалаеўны Чыжык, іншых пенсіянераў. З гордасцю Людміла Мікалаеўна распавядае, што ветэраны з Мялешак неаднаразова былі пераможцамі раённага конкурсу «Ветэранскі падворак», у тым ліку Соф’я Іванаўна і Іван Філімонавіч Сярага, Валянціна Цімафееўна Лісок.

Ветэраны – творчыя людзі

– Узрост умоўнае паняцце. Хтосьці па духу можа быць старым чалавекам ужо ў дваццаць гадоў, нічым не цікавіцца, быць абыякавым, а хтосьці і ў восемдзесят гадоў імкнецца да самаўдасканалення, спасцігае штосьці новае, займаецца рэальнай справай, напрыклад, валанцёрствам. Член нашай арганізацыі Раіса Канстанцінаўна Хількевіч актыўная ўдзельніца валанцёрскага руху «Ветэран ветэрану», – гаворыць Людміла Бараноўская. – Я не стамлюся паўтараць, што людзі сталага ўзросту багатыя не толькі вопытам, ведамі, але і талентамі. Многія з іх цікавыя, творчыя асобы, маюць свае захапленні – вышываюць, вяжуць, малююць, робяць вырабы з лазы, саломы, гліны… Напрыклад, творчыя работы нашых адметных майстрых Валянціны Якаўлеўны Бандура, Ірыны Адамаўны Камянюка, іншых членаў пярвічнай ветэранскай арганізацыі заўсёды прадстаўлены на выставах у Мялешкаўскім СДК. А як цудоўна спяваюць нашы ветэраны!

Лепшыя лекі ад хвароб і маральнай старасці – занятасць людзей і ўвага да іх, пераканана субяседніца.

– У нашай дзяржаве, у тым ліку на мясцовым узроўні, пажылым грамадзянам аказваецца дапамога і падтрымка, створаны належныя ўмовы для самарэалізацыі, – гаворыць жанчына. – Вельмі важна, каб людзі не адчувалі сябе непатрэбнымі, забытымі, адзінокімі. Віншуем ветэранаў са святамі, з днём нараджэння, садзейнічаем у вырашэнні праблемных пытанняў.

Не здраджваць сваім прынцыпам

Несумненна, актыўны лад жыцця ветеранскай арганізацыі «Мялешкі» ў немалой ступені абумоўлены арганізацыйнымі здольнасцямі, энтузіязмам і адказнасцю яе лідара – Людміла Бараноўская менавіта такі чалавек па жыцці, не важна, якой бы справай яна ні займалася. 31 год узначальвала Мялешкаўскую базавую, а затым – сярэднюю школу. Пад яе кіраўніцтвам навучальная ўстанова атрымала новае аблічча, школа была пляцоўкай па абмене вопытам педагогаў раёна, вобласці і рэспублікі.

Калегі і былыя вучні Людмілы Бараноўскай адзначаюць яе самаадданасць у рабоце, наватарства, педагагічны талент. Расказваюць, урокі Людмілы Мікалаеўны па гісторыі слухалі, затаіўшы дыханне, такімі яны былі цікавымі, змястоўнымі. Дзякуючы гэтай жанчыне ў свой час навучальная ўстанова стала месцам прыцягнення знакамітых беларускіх літаратараў, дзеячаў культуры, такіх як Алена Васілевіч, Васіль Вітка, Ян Скрыган, Наталля Гайда і іншых. Людміла Бараноўская была дэлегатам 7-га з’езда настаўнікаў Беларусі, выдатнік адукацыі БССР, узнагароджана граматамі раённага, абласнога ўзроўняў, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

З майго пункту гледжання, гэта жанчына акрамя іншых выдатных якасцей валодае асабліва каштоўнай – не здраджваць сваім прынцыпам, перакананням. Восенню вірлівага, складанага 2020 года яна была ў ліку тых, хто першым падняўся на сцэну ў гараскім парку культуры і адпачынку на мітынгу  ў падтрымку Прэзідэнта краіны. Чытала свой верш з кранальнымі радкамі пра лёс роднай Беларусі, пра тое, што вельмі важна захоўваць суверэнную, незалежную Беларусь у міры і згодзе.   

Людміла Бараноўская ўраджэнка Пухавіцкага раёна. У Мялешкі прыехала разам з мужам у 1973 годзе. У яе двое дочак, радуе сваімі поспехамі ўнук.

Для мяне Случчына ўжо даўно родная старонка, – усміхаецца жанчына. – Люблю нашы Мялешкі, паважаю людзей, якія тут жывуць. Спадзяюся гэта ўзаемна.

Так яно і ёсць.

Наталля Селязнёва.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи