Супрацоўнікі ваеннага камісарыята Мінскай вобласці з ваенным камісарам Ігарам Вітальевічам Тарабешам на мінулым тыдні прынялі ўдзел у пасадцы лесу на Случчыне. Да добраахвотнай акцыі далучыліся і прадстаўнікі ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў.
Вайскоўцы садзілі лес на тэрыторыі Вераб’ўскага лясніцтва. Дарэчы, у той дзень энтузіясты высадзілі больш за 9 тысяч саджанцаў на плошчы каля 1,7 га.
Ваенны камісар Мінскай вобласці Ігар Вітальевіч Тарабеш адзначыў, што яны садзілі лес у знак павагі і ўдзячнасці тым, хто ў далёкія ваенныя часы здзейсніў подзвіг. Бо дзякуючы гэтым людзям Беларусь сёння мірная і незалежная краіна. Кожны чалавек, на яго думку, павінен далучыцца да вялікай справы – аднаўлення лясоў. А ў Год малой радзімы прыемна пакінуць на зямлі свой след, маленькую памяць пра сябе – гэтыя дрэўцы, якія з цягам часу зашумяць сваімі кронамі пад небам нашай бацькаўшчыны.
Ірына КАВАЛЕНКА.