Случчаніну Вячаславу Бобіку ваенны камісар Мінскай вобласці Ігар Тарабеш уручыў ордэн Чырвонай Зоркі, якога быў удастоены яго дзядзька па мацярынскай лініі Васілій Дзмітрыевіч Бобік. Ордэн знайшлі ў Жытомірскай вобласці Украіны.
– Ад сваіх продкаў я неаднаразова чуў, што браты маіх бацькоў удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, а пасля прымалі ўдзел і ў вызваленні іншых краін ад нямецкіх акупантаў. Былі ў шэрагу тых герояў, якія вызвалялі заходнюю Украіну, годна праявілі сябе падчас Фінскай і Японскай войнаў. Усім пашчасціла вярнуцца жывымі, – расказаў Вячаслаў Фёдаравіч. – Калі ў дзень Перамогі многія случчане з гонарам падымалі партрэты сваіх продкаў падчас параду, мне таксама вельмі хацелася гэта зрабіць, а яшчэ – як мага больш даведацца пра сваіх родзічаў, якія жылі раней, іх слаўнае мінулае, пра іх подзвігі ў імя міру. Канешне, штосьці я чуў ад іх саміх яшчэ дзіцем і падлеткам, а вось цяпер, у больш сталым узросце асабліва хочацца «намаляваць» генетычнае дрэва, перадаць яго нашчадкам, каб памяталі…
Гэтай работай я заняўся больш грунтоўна перад выхадам на заслужаны адпачынак. Мне пашчасціла знайсці інфармацыю ажно пра сваіх прапрадзедаў. Адзін з іх, як высветлілася, быў камандзірам палка ў Руска-Персідскай вайне.
Вельмі цікава было даведацца пра ўсе ўзнагароды сваіх продкаў – медалі і ордэны, як і за што яны атрыманы. Разам з дачкою Любаю мы займаліся пошукам інфармацыі, рабілі запыты ў Міністэрства абароны. 9 мая мы ўсей сям’ей узгадваем кожнага паіменна, расказваем пра іх подзвігі ўнукам.
На пытанне, што ён ведае пра свайго дзядзьку, ордэн якога вярнуўся у сям’ю праз столькі гадоў, Вячаслаў Фёдаравіч расказаў: «Ведаю, што нарадзіўся ён у вёсцы Малачарнігаўка Обручскага раёна Жытомірскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і.Прызваўся ў армію, служыў у марской пяхоце ў Прыбалтыцы, там жа і сустрэў вайну, у 1941-м атрымаў ордэн за выратаванне раненых, бо быў старшым санінструктарам. Выратаваў каля 40 чалавек. З улікам ордэна, які ўручылі сёння, мой дзядзька Васілій Бобік быў удастоены трох ордэнаў Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі «За абарону Савецкага Запаляр’я», «За перамогу над Германіяй» і «За перамогу над Японіяй». Усе тры ордэны ён атрымаў за выратаванне раненых. Пасля вайны працаваў конюхам, жыў ва Украіне».
Сімвалічна, што атрымаць ордэн случчанін Вячаслаў Бобік прыйшоў не адзін, а з пяцігадоваю ўнучкаю Дар’яй. Па словах мужчыны, гэта вельмі важна, каб падрастаючае пакаленне ведала і ганарылася сваімі дзядамі, прадзедамі, нашымі героямі.