Вы, напэўна, не раз чулі аб тым, што галоўны брэнд нашага горада – Слуцкія паясы. Магчыма, былі на экскурсіі, бачылі, што іх вырабляюць на сучасным высокатэхналагічным аўтаматычным станку фірмы Mageba. Пэўна, пабачыўшы гэты працэс, падумалі, наколькі трэба быць майстравiтым чалавекам, каб асвоіць працу на такім складаным абсталяванні…
Знаёмцеся: Наталля Місько – ткач, які і ўзнаўляе знакаміты Слуцкі пояс, прыўносячы часцінку душэўнага цяпла і штодня адчуваючы сваё дачыненне да гэтага цеснага перапляцення ў iм гісторыі і сучаснасці.
Працуе на прадпрыемстве Наталля Васільеўна з 2008 года. Пэўны час была за ручным ткацкім станком, у 2018-м ёй прапанавалі працаваць на новым станку.
На пытанне, наколькі нязвыкла і складана было яго асвоiць, мая суразмоўца адказвае: «Вельмі, спатрэбіўся год, каб асвоіць станок, усе тонкасці работы. Былі і хвіліны роспачы, адчаю, але адчуванне таго, што даверылі такую адказную справу, што варта апраўдаць давер – перамагло».
Наталля Васільеўна расказвае, што каб вырабіць адзін пояс, трэба ад 5 дзён да двух тыдняў, у залежнасці ад памераў і малюнка, арнаменту. На станку вырабляюць яшчэ і пано паясоў па жаданні заказчыкаў.
– На яго выраб таксама патрэбна часу больш, чым доўжыцца змена, – адзначае суразмоўца. – У мяне ёсць зменшчыца, маладая дзяўчына, якая пасля адпрацоўкі засталася ў нас на прадпрыемстве. Яна і працягвае пачатае мною, а бывае, што, калі вырабляем цэлы пояс, то некалькі разоў змяняем адна адну…
Тут усё па-іншаму. На гэтым станку ўзор ужо закладзены ў камп’ютар. На працягу змены за кожным радком трэба пільна сачыць, папраўляць ніткі так, каб усё было роўна, акуратна. У адным такім радку ў залежнасці ад узору бывае 2, 4 і 6 нітак.
Падчас сустрэчы Наталля Васільеў-на займалася вырабам пано пояса №7:
– Бачыце, якая прыгажосць! Тут жа нашы валошкі, канюшына, нібы жывыя…
Ткач расказвае, што на станку вырабляюць да 18 разнавіднасцей паясоў, пано, а таксама шаўковую тканіну, з якой на прадпрыемстве потым шыюць шыкоўныя шалі i гальштукі, шаўковыя з метанiтам кладчы (жаночыя сумачкі). Каштуе такая прадукцыя дорага, але яна таго вартая.

– Аднойчы паехалі сям’ёю адпачываць на прыроду ў Лунінецкі раён, – дзеліцца ўспамінамі Наталля Васільеўна. – Сустрэліся з мясцовымі жыхарамі. Варта было сказаць, што мы са Слуцка, як адразу ўспомнілі пра Слуцкія паясы. А калі яшчэ сказала, што працую на прадпрыемстве і сама іх непасрэдна вырабляю, то проста безліч пытанняў было: колькі яны вырабляюцца, ці праўда, што ў іх сапраўднае золата?..
Так, кажу. Для вырабаў выкарыстоў-ваем шаўковыя, полiэфiрныя, метанiтавыя, сярэбраныя і залатыя ніткі…
Апошнія крыху шурпатыя па структуры, але з імі вопытны ткач спраўляецца, кладуцца роўна, прыгожа.
– Шмат дзівіўся і дваюродны брат з Татарстана, калі паглядзеў, як вырабляюць нашы паясы: «Ты, Наташка, разумнiца, умелiца ў нас такая, мы табой ганарымся!» – расказвае жанчына. – Нашы паясы заказваюць жыхары Расіі, Францыі, іншых краін, прадстаўнікі беларускага бізнесу. Слуцкі пояс дорыць Прэзідэнт Беларусі. Не так даўно наш Слуцкі пояс Аляксандр Лукашэнка падарыў лідару КНДР Кiм Чэн Ыну.
Я ганаруся тым, што працую на такім унікальным прадпрыемстве – РУП «Слуцкія паясы».
Тут цудоўны калектыў, дзе ўлічваецца меркаванне кожнага. Напрыклад, калі падбіраем ніткі з нашым тэхнолагам, вырашаем разам, якiя з іх лепш выкарыстаць, каб глядзеліся, гарманiзавалi, тым больш, што ўсе нашы паясы «хамелеоны».
Маё прадпрыемства, Слуцк для мяне – самыя лепшыя месцы ў свеце.
У родным горадзе я сустрэла каханне, у мяне нарадзілася двое сыноў, падрастае ўнучак.
Слуцк – зямля продкаў. На тэкстыльнай фабрыцы, працавала на снавальнай машыне маці, ткачыхай – бабуля. А ў прабабулi, якая жыла ў Вялікай Слiве і працавала ў калгасе, быў невялічкі драўляны ткацкі станок дома. Яе cаматканка i зараз нараджае ў мяне цёплыя ўспаміны.
Мой дзядуля быў начальнікам ПМК, прадзед – Васiлiй Паўлавіч Козел – старшынёй калгаса «1-е Мая».
Ганаруся Слуцкам, сваёй рада-слоўнай i, канечне, Слуцкiмi паясамі!
#Год_белорусской_женщины
Наталля ГРАМЫКА.