Вольга Аляксандраўна працуе тут з моманту адкрыцця аб’екта, які быў запушчаны ў 2015 годзе.

– У нас цудоўны калектыў спецыялістаў, які сфарміраваўся ў першыя гады існавання комплексу, – гаворыць яна. –  Кожны як належыць выконвае свае абавязкі. У мае ж абавязкі ўваходзіць кантроль за доглядам парасят, якія паступаюць да нас у цэх ва ўзросце ад месяца і гадуюцца да чатырох, іх сартаванне.

У памяшканнях свінагадоўчага комплексу аг.Грэск ААТ «Слуцкі мясакамбінат»  створаны добрыя ўмовы для ўтрымання жывёлы, пастаянна падтрымліваецца санітарны рэжым, сістэма тэрмарэгуляцыі забяспечвае неабходны тэмпературны рэжым. Але без чалавечага фактара не абысціся – гэта кармленне і догляд жывёлы.

Важна любіць сваю справу, тады і вынік будзе станоўчы, лічыць жанчына. Расказвае, што  ў  школьныя гады марыла стаць ваеннай, але так склалася, што скончыла Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны і засталася працаваць у сферы сельскай гаспадаркі. Праца нялегкая, аднак арганізаваны падвоз да месца працы, рабочыя забяспечаны гарачым харчаваннем, спецадзеннем, створаны добрыя ўмовы. Задавальняе і  заработная плата.

Вольга Аляксандраўна кажа, што сваё месца працы не прамяла б на іншае. Тым больш, што вырасла у вёсцы, бацькі трымалі  гаспадарку, дапамагала ім.

– Ганаруся, што сумеснымі намаганнямі наш калектыў дасягнуў значных поспехаў. Добрыя  прывагі жывёлы атрыманы на адкорме: сярэднясутачны паказчык за мінулы год склаў  942 грамы. Павялічылася і пагалоўе жывёлы, – расказвае Вольга Аляксандраўна. – Усе гэта дзякуючы сумеснай зладжанай рабоце людзей, якія  працуюць у нас даўно і ўносяць годны ўклад у агульную справу. Кіруюць нашым калектывам дасведчаныя спецыялісты Уладзіслаў Арцем’еў і Валерый Мысліцкі.

Вольга Аляксандраўна – натура шматгранная, якая не зводзіць вобраз жыцця да формулы «праца – дом – праца». Дома яе чакае 11-гадовы сынок,  якому таксама патрэбна ўвага, але жанчына знаходзіць сілы і для грамадска карысных спраў.  Яна валанцёр пошукава-выратавальнага атраду «Анёл», які зай-маецца пошукам прапаўшых грамадзян.

– У нашай камандзе людзі самых розных прафесій, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, вельмі цікавыя і дабрадушныя. Іншы раз усяго за некалькі часоў нам удаецца знайсці прапаўшага чалавека.  Расклейваем лістоўкі, кантактуем з людзьмі, а бывае  і адзін рэпост у інтэрнэце дапамагае знайсці чалавека за гадзіну – другую.

З асаблівым настроем Вольга Аляксандраўна расказвае і пра спорт. Дарэчы, яна з задавальненнем удзельнічае ў раённых спаборніцтвах па лыжным спорце, у 2021 годзе заняла чацвёртае месца. Захапляецца іншымі відамі спорту.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи