Ён памятае, як фашысцкія самалёты ўпершыню бамбілі Слуцк, як у родных Міхейках карнікі рыхтаваліся знішчыць мясцовых жыхароў, як хлапчуком поўз па разоры ў агародзе пад артабстрэлам чужынцаў…

Яшчэ ветэран працы Мікалай Іванавіч Шыловіч узгадвае сваю работу, гаворыць, няма лепшай прафесіі, чым вадзіцель – 43 гады адпрацаваў у транспартнай сферы, пабываў на многіх дарогах Савецкага Саюза, успамінае, як уручалі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга… 14 студзеня ветэран адзначае сваё дзевяностае дзесяцігоддзе.

Мікалай Іванавіч усміхаецца: «І не верыцца, што за плячыма  90 гадоў, праляцелі, быццам бярозкі ўздоўж дарогі за акном аўтамабіля. Былі ў маім жыцці гады вельмі цяжкія, чорныя, апаленыя вайной і бядою. А былі і прыгожыя, як майскія дрэўцы ў квецені. Такое жыццё ў людзей – паласатае».

Бадай, галоўная, фундаментальная рыса характару гэтага чалавека, якая вызначае яго ўчынкі,  выбар па жыцці, – працавітасць.  З маленства  вучылі бацькі Мікалая,   іншых дзяцей у сям’і, што на працы ўсё трымаецца.  Бацька Іван пасля ўдзелу ў грамадзянскай вайне атрымаў інваліднасць, таму працаваў вясковым шаўцом – рамантаваў і шыў абутак для жыхароў Міхеек і іншых вёсак. Маці Мікалая, Анастасія, працавала на зямлі, даглядала дзяцей, канечне, мелі сваю гаспадарку. Анастасія па тым часе была дасведчанай жанчынай, закончыла царкоўна-прыходскую школу. Як расказвае Мікалай Іванавіч, яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны іх сям’ю рэпрэсіравалі, хутчэй за ўсё за рэлігійнасць,  бацьку на тры гады саслалі ў Сібір, маці адбывала тэрмін умоўна, бо былі малыя дзеці.

А потым па роднай зямлі пакаціў смяротны каток вайны… Дзевяцігадовы Коля Шыловіч знаходзіўся ў Слуцку, калі фашысты пачалі бамбёжку горада. 12 самалётаў, так падлічыў хлопчык, кідалі бомбы. Слуцк патанаў у чорных клубах дыму, рушыліся і гарэлі будынкі, крычалі людзі. У той момант страшна не было, адзначае Мікалай Іванавіч, дзеці не разумеюць  небяспекі і што такое смерць…

Гэта адчуванне, разуменне пачало прыходзіць да хлопчыка, калі ў Міхейкі ўехалі варожыя танкі з чорнымі крыжамі, калі ў 1942-м годзе карнае падраздзяленне нямецкіх войскаў акружыла вёску. Мужчын з Міхеек вывезлі ў горад, жанчын, старых і дзяцей выстраілі на вясковай вуліцы перад аўтаматчыкамі. Мікалай Іванавіч да падрабязнасцей памятае тыя падзеі: як клейкі, гарачы жах напаўняў дзіцячае сэрцайка.
У легкавым аўтамабілі прыехаў нямецкі афіцэр, нядбайна махнуў рукой: «Нах хаузе». Вяскоўцаў адпусцілі. Ці то быў урок фашысцкай літасці, ці то карнікі паленаваліся паліць вёску, карацей кажучы, пашанцавала. А Міхейкі ўсё роўна згарэлі – крыху пазней, ад разрываў варожых снарадаў, дом Шыловічаў таксама. Сям’я знайшла часовае прыстанішча ў старой паўразбуранай хаціне.
«Колькі часу мінула з тае пары, а ў душы па-ранейшаму чорныя рубцы, – адзначае ветэран. – Ні голад, ні холад, ні якія іншыя цяжкасці не былі перашкодай для шчасця пасля вызвалення  Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Гэта так важна, калі мір і свабода на роднай зямлі!».

Мікалай і школу як след не закончыў, трэба было працаваць. Потым прызвалі ў армію – служыў у самім Ленінградзе! Але куды мацнейшым было пачуццё да сваёй малой радзімы: вярнуўся на Случчыну, уладкаваўся на працу на аўтатранспартнае прадпрыемства.

«Спачатку працаваў вадзіцелем аўтобуса, – расказвае Мікалай Іванавіч. – Але перасеў на грузавы аўтамабіль і зразумеў – гэта сапраўды маё. І магутны ЗІЛ-130, і новыя аб’екты, куды мы дастаўлялі грузы, і новыя рэйсы былі быццам створаны для мяне».

За сваё «вадзіцельскае» жыццё Мікалай Шыловіч «накруціў» на дарогах сотні тысяч кіламетраў, пабываў у многіх рэспубліках СССР,  у тым ліку не аднойчы – у Расіі, ва Украіне, Малдове. А колькі розных грузаў, будаўнічых матэрыялаў перавёз! Асабліва Мікалай Іванавіч ганарыцца, што дастаўляў будаўнічыя матэрыялы на новабудоўлю 4-га калійнага камбіната.



Працаваў ён апантана, з радасцю, з жаданнем новых рэйсаў, не ведаючы стомы, не лічачыся з часам.  Быў брыгадзірам брыгады вадзіцеляў з 22 чалавек. Ветэран дзеліцца, што ніколі не адчуваў сябе начальнікам, з падначаленымі вёў сябе на роўных, па-таварыску, па-сяброўску, людзей разумеў,  разумелі і яго. Мікалай Шыловіч быў прызнаны пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва работнікаў прамысловасці, будаўніцтва і транспарту ў 1975 – 1980 гадах, ударнікам 10-й пяцігодкі, аб чым мае адпаведныя нагрудныя знакі. У 1981 годзе Мікалая Іванавіча Шыловіча ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.  Мае ветэран і іншыя працоўныя ўзнагароды, у тым ліку медалі «За працоўную доблесць», «За доўгагадовую добрасумленную працу», узнагароджаны Ганаровай граматай ЦК КПСС, Савета міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК УЛКСМ. Яго здымак размяшчалі на раённай Дошцы гонару.

Мікалай Іванавіч і жонку сабе выбраў – такую ж руплівую працаўніцу, а таксама прыгажуню і разумніцу. З Нінай пазнаёміліся на слуцкім буракапункце, дзе  яна ў той час працавала. З першага позірку дзяўчына з вёскі Філіпавічы Капыльскага раёна «параніла»  юнака ў самае сэрца. І ўжо 58 гадоў Мікалай Іванавіч і Ніна Юстынаўна неразлучная сямейная пара! У Слуцку пабудавалі прыгожы дом, выхавалі траіх дзяцей. На жаль,  адзін з сыноў пайшоў з жыцця ў маладым ўзросце. Цяжка перажывалі Шыловічы гэту бяду, гавораць да гэтага часу да канца не справіліся з ёй. Вялікае суцяшэнне і радасць, падтрымка і дапамога – сын Анатолій і дачка Аксана. Яны жывуць у Расіі, але рэгулярна тэлефануюць, прыязджаюць да бацькоў. Добрыя памочніцы і ўнучкі – іх у Мікалая Іванавіча і Ніны Юстынаўны пяцёра, а яшчэ тры праўнукі і адна праўнучка. Дзеці, унукі з вышэйшай адукацыяй, адказныя, добрасумленныя ў рабоце, у сваіх прафесіях, у сям’і, жыцці – пра гэта марылі Шыловічы.

Мікалай Іванавіч па-ранейшаму не развітваецца з дарогай, праўда, цяпер ён пакарае яе на іншым транспарце – на веласіпедзе, ездзіць у магазін ці на прагулку. Ніколі чалавек не павінен спыняцца, гаворыць ветэран…

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.  

Похожие записи