Адказны, дысцыплінаваны работнік, гавораць пра Мікалая Іванавіча ў сельгасарганізацыі.
Больш за паўстагоддзя ён самааддана працуе ў сферы сельскай гаспадаркі. Кіраваў за гэты час рознай тэхнікай. Рабіў на камбайнах і трактарах, што былі яшчэ без кабіны, на гусенічным трактары, потым – на трактары «Беларус» і камбайне «Ніва»… Атрымаў і правы кранаўшчыка. Ужо больш за 30 гадоў паралельна працуе і на грузападымальным кране.
– Цяпер, калі ў сельгасарганізацыі будуюць новыя жывёлагадоўчыя аб’екты, работы кранаўшчыку хапае, – расказвае субяседнік. – Цэглу падняць на вышыню, цэмент. Будуем кароўнікі, сянажныя траншэі, іншае. Запатрабаваны кран і пры зносе некаторых старых сельскагаспадарчых пабудоў.
Вясной і восенню працуе на загрузцы, разгрузцы насення, зімой заняты на рамонце тэхнікі.
Зразумела, што такую работу могуць даверыць толькі вопытнаму механізатару. Гэта праца, якая патрабуе максімальнай канцэнтрацыі, каардынацыі і строгага захавання правіл бяспекі. За гэтыя якасці і паважаюць Мікалая Іванавіча.
– Мне падабаецца працаваць на тэхніцы, на кране асабліва, – гаворыць мужчына. – Жыць і працаваць у вёсцы.
Родам Мікалай Іванавіч з вёскі Еўлічы, жыве ў аграгарадку Акцябр. Выхаваў дваіх дачок, мае дваіх унукаў.
Дома трымае невялікую гаспадарку, садзіць агарод. Кажа, што жыццё на вёсцы змянілася ў лепшы бок.
– Амаль па-гарадскому жывём, – усміхаецца субяседнік. – Дзень адпрацаваў на рабоце, крышку нешта зрабіў дома ды адпачывай сабе, хочаш – за тэлевізарам, а хочаш – знайдзі іншы занятак па душы… Люблю гатаваць нашы беларускія стравы, яны – самыя смачныя і карысныя для здароўя.
Наталля ГРАМЫКА.