Сёння пачалося датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На ўчастку для галасавання №27 (размяшчаецца ў адміністрацыйным будынку ААТ “Кранавы завод”) у Слуцку пабывала карэспандэнт “Слуцкага краю” і пацікавілася, як праходзіць першы дзень датэрміновага галасавання.
Яркія ўказальнікі каля будынка кранавага завода “накіроўваюць” у прасторнае памяшканне на першым паверсе, дзе праходзіць галасаванне.   На ўчастку для галасавання забяспечаны належныя ўмовы: абсталяваны кабіны для тайнага галасавання, у  тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на відным месцы размешчана скрыня для бюлетэняў выбаршчыкаў, якія будуць галасаваць датэрмінова, на інфармацыйным стэндзе размешчаны плакаты кандыдатаў  у Прэзідэнты нашай краіны, ёсць неабходныя заканадаўчыя дакументы, у наяўнасці і сродкі індывідуальнай аховы для выбаршчыкаў – антысептык, аднаразовыя пальчаткі. 
Падчас майго наведвання на гэтым  участку для галасавання працавалі старшыня ўчастковай камісіі Марыя Іванаўна Шаравар, члены камісіі Ала Уладзіміраўна Набіева,  Алена Аляксееўна Яфаева, прысутнічалі  назіральнікі – Анастасія Самусевіч (ад Слуцкай раённай арганізацыі БРСМ)  і Алег Уладзіміраіч Трухан (ад грамадзян). Марыя Іванаўна Шаравар расказала, што ўжо прагаласавалі восем чалавек, а першымі былі слутчанкі Надзея Іосіфаўна Хорт і Маргарыта Мікалаеўна Бурак. Ім уручылі  падарункі.
Прыемна адзначыць, што Надзея Іосіфаўна Хорт у свой час актыўна супрацоўнічала з нашым выданнем, шмат гадоў яна адпрацавала ў школе, выдатнік народнай асветы БССР. Нягледзячы на свае 88 гадоў, Надзея Іосіфаўна Хорт, у выдатнай форме, актыўнасці, пазітыву, захопленасці гэтага чалавека можна толькі пазайздросціць.  Надзея Іосіфаўна патлумачыла, што рашыла скарыстацца правам датэрміновага галасавання: у выхадныя плануецца прыезд да яе дарагіх гасцей – дзяцей, унукаў. І ўвогуле, навошта адкладваць важную справу, калі яе можна зрабіць цяпер, патлумачыла Надзея Іосіфаўна. Ад сябе і суседзяў на ўчастку для галасавання яна пакінула запіс з падзякай Прэзідэнту нашай краіны Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за стабільнае жыццё, за мір у краіне.
Старшыня  ўчастковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь участка для галасавання №27 Марыя Іванаўна Шаравар расказала, што падрыхтаваны падарункі для ўпершыню галасаючых (на ўчастку іх 7 чалавек), у дзень выбараў, 9 жніўня, на ўчастку для выбаршчыкаў будзе арганізавана выстава работ народных умельцаў, работа гандлёвай кропкі, пройдзе канцэрт.





Похожие записи