Мяркую, здаралася і ў вас, што абгортку ад марожанага ці цукеркі неслі ў руках або ў кішэні, бо побач не было урны для смецця. Здаецца, з урнамі зараз праблем няма.
І праблема тут не ў работніках жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны прыбіраюць. Праблема ў нас, нашым выхаванні.
Згадзіцеся, па алеі фанароў на набярэжнай можна прайсціся ці проста адпачыць. Але ж іншы раз сорамна за нас, людзей. Няўжо цяжка стаканчык ад кавы, пустую бутэльку, пачак ад цыгарэт выкінуць у урну, іх там шмат. Не, цяжка руку працягнуць. Дзе стаю, там і кіну. Відаць, гэтым прынцыпам кіруюцца адпачывальнікі на алеі.
– Паглядзіце, што творыцца, – звярнулася да мяне гараджанка Таццяна Пятроўна, калі ўбачыла, што фатаграфірую смецце. – Я недалёка жыву, штодзень выходжу на прагулку. Вось стаіць пустая урна, а каробку з-пад піцы кінулі побач. Сорамна за нашых людзей. І гэта ж кожны дзень.
Іншы раз можаш пачуць: «Прыбяруць!». Безумоўна, дворнікі навядуць парадак. Але ж уявіце на хвіліну, што іх няма. Мы ж патонем у смецці!
У дзяцінстве мама прывучала мяне, што смеціць нельга. Гэта ж казала я і сваёй дачцэ. Спрацавала. На маю думку, так павінна быць і цяпер. Кажуць, моладзь цяпер іншая. Так, але ж правілы паводзінаў не мяняліся. Адны іх прытрымліваюцца, іншыя – не. Ды і ў школе гавораць пра гэта.
Аднойчы па вуліцы ішла маладая жанчына з сыночкам гадоў трох-чатырох. Ён выкінуў паперку на тратуар. Матуля зрабіла яму заўвагу. У выніку смецце ён падняў і – у урну. У наступны раз хлопчык так рабіць не будзе. Калі мы не будзем маўчаць, то і вынік будзе.
А ў Случы (Бычку) каля гарадскога дома культуры – таксама іншы раз плавае смецце. Не расце ж яно там. Зноў-такі праблема ў нас.
Не хочацца прымяняць эпітэты ў адносінах да тых высокакультурных, якія смецяць. Давайце проста «людзьмі звацца» і пачнём паважаць працу іншых людзей, якія клапоцяцца пра чысціню вакол нас.