Родная мова мае важнае значэнне ў станаўленні чалавека: яна далучае да вытокаў народнай культуры, вучыць любіць Радзіму. А дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны час для далучэння дзяцей да беларускай народнай культуры.
Паспяхова развіваць маўленне дапамагае тэатральна-гульнёвая дзейнасць. З дапамогай яе пашыраецца слоўнікавы запас, удасканальваецца артыкуляцыйны апарат.  Дзецям   складана расказваць пра хыццёвыя падзеі або пераказваць літаратурны твор. Таму на занятках аб’яднання па інтарэсах “Роднае слова” выхавацель часцей за ўсе выкарыстоўвае тэатральна-гульнёвую дзейнасць. Яна дапамагае развіваць фантазію, творчасць і камунікатыўныя здольнасці. Спачатку разам з бацькамі быў аформлены тэатральны куток з рознымі відамі тэатраў (лялечным, пальчыкавым, лыжкавым, ценевым і інш.). На занятках дзеці знаёмяцца з вуснай народнай творчасцю, народнай музыкай, творамі мастацтва. 
Для развіцця самастойнай маўленчай дзейнасці практыкуецца праслухоўванне аудыёзапісаў, інсцэніроўка ўрыўкаў казак, гульні-драматызацыі і гульні па казачных матывах, разглядванне ілюстрацый.
Стаць сапраўдным патрыётам можа толькі той, хто паважае, шануе і любіць Радзіму. Для развіцця ў дашкольнікаў цікавасці да нацыянальнай культуры, пашырэння ўяўленняў пра абрады і звычаі беларусаў  проводзяцца заняткі ў кутку “Беларуская хатка”. Дзеці знаёмяцца з нацыянальным касцюмам, мэбляй, посудам і прыладамі працы. Разглядваючы экспанаты, выхаванцы даведваюцца, што раней усё рабілі сваімі рукамі, ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках. У кутку  дзеці пазнаюць  традыцыі беларускага народа. Ім дазваляецца “узбіць” масла ў маслабойцы, пакруціць кола калаўрота, патрымаць у руках рушнік,  сурвэткі, вопратку, якую насілі сяляне, верацяно, вілкі, граблі і іншыя экспанаты.  Аповеды,  расказаныя гульнёвым персанажам – дамавіком,   дапамагаюць данесці да дзяцей матэрыял больш цікава і даступна.
Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове і вырастуць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.



 Святлана Шуманская, 
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” г. Слуцка.

Похожие записи