Аляксандр Міхайлавіч Руновіч.
- 6 верасня – Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці
Прыемна адзначыць, што пры ўсіх аб’ектыўных складанасцях Слуцкі філіял дзяржаўнага прадпрыемства «Мінаблпаліва» ўтрымлівае стабільныя пазіцыі, арганізацыя працуе з прыбыткам, з арыенцірам на перспектыву.
Гаворачы пра аб’ектыўныя складанасці, маю на ўвазе скарачэнне колькасці спажыўцоў, якія карыстаюцца пячным ацяпленнем: жыццё не стаіць на месцы, працягваецца газіфікацыя населеных пунктаў, усё больш у насельніцтва карыстаецца папулярнасцю электраабагрэў памяшканняў, жылля. І тым не менш, торфабрыкет і дровы па-ранейшаму запатрабаванае паліва ў случчан.
Вядучы эканаміст Слуцкага філіяла ДП «Мінаблпаліва» Міхаіл Міхайлавіч Гурыновіч расказаў, што за сем месяцаў гэтага года рэалізавана 3 738 тон торфабрыкету і 4 296 кубаметраў дроў. Мінулая зіма была анамальна цёплай, так што ў некаторых жыхароў яшчэ ёсць пэўныя запасы паліва, аднак у асенні перыяд колькасць пакупнікоў торфу і дроў, канечне, узрасце. Найбольш актыўна набываюць гэта паліва жыхары Беліцкага, Грэскага, Знаменскага, Ісернскага сельсаветаў, а таксама Слуцка. Торфабрыкет арганізацыя рэалізуе некаторым установам сацыяльнай сферы ў сельскай мясцовасці.
Міхаіл Міхайлавіч праінфармаваў, што як і ў папярэдніягады, паліва для насельніцтва прадаюць па фіксаваных цэнах (кошт датуецца дзяржавай): на адно домаўладанне – 4,9 кубаметра дроў, або 3 тоны торфу і 1,2 кубаметра дроў, набыццё паліва звыш гэтага аб’ёму – па камерцыйных цэнах.
Торф Слуцкі філіял ДП «Мінаблпаліва» набывае на торфабрыкетных заводах у Старобіне, Нясвіжы, Сяргеевічах (Пухавіцкі раён). Прыкладна палову (каля 4 тысяч кубаметраў) неабходнага аб’ёму дроў Слуцкі філіял нарыхтоўвае ўласнымі сіламі, астатняе – дастаўляюць са Слуцкага лясгаса.
Дырэктар Слуцкага філіяла ДП «Мінаблпаліва» Аляксандр Аляксандравіч Андрушкевіч, вопытны кіраўнік з глыбокім веданнем справы і эканамічнай сітуацыі, спецыялісты філіяла нацэлены на пошук новых магчымасцяў для арганізацыі. Напрыклад, сёлета, нягледзячы на складанасці з экспартам прадукцыі, выкліканыя пандэміяй каронавірусу, удалося экспартаваць у Германію 324 кубаметры колатых дроў – на 73 кубаметры больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Набірае абароты продаж драўніннага вугалю і дроў у сетках для насельніцтва праз прыватныя магазіны. Дарэчы, нагадаю, што драўнінны вугаль на Слуцкім філіяле ДП «Мінаблпаліва» вырабляюць самі – у спецыяльных печах-ратортах у раёне вёскі Палікараўка. У Шышчыцах працуе цэх колкі дроў філіяла, займаюцца ў арганізацыі і вырабам піламатэрыялаў.
Пры эканоміі, рацыянальным падыходзе да справы Слуцкаму філіялу ДП «Мінаблпаліва» ўдаецца абнаўляць матэрыяльную базу, напрыклад, у лізінг набылі новы МАЗ, крыху раней – дрывакольны станок.
Калектыў арганізацыі стабільны, пераважная большасць працаўнікоў мае немалы стаж работы, старанныя працаўнікі. У ліку такіх – Аляксандр Міхайлавіч Руновіч, які працуе тут каля дзевяці гадоў, у тым ліку на пагрузчыку «Амкадор» – сем гадоў.
– Новенькую машыну мне далі, – узгадвае Аляксандр Міхайлавіч. – З таго часу мы разам, ужо як сапраўдныя сябры. Займаюся пагрузкай дроў і торфабрыкету, за дзень у сярэднім адгружаю каля 70 тон паліва. Мой металічны памочнік не падводзіць, працуе спраўна. Канечне, клапачуся пра стан машыны, займаюся рамонтам, прафілактыкай.
«Амкадор» Аляксандра Міхайлавіча сапраўды выглядае молада, як новенькі. Яшчэ мой суразмоўца дзеліцца, што працуе з задавальненнем, што з радасцю ідзе на працу, што калектыў зладжаны.
– У сённяшнія неспакойныя для Беларусі часы гэта асабліва важна, – адзначае Аляксандр Міхайлавіч, – пачуццё еднасці, працоўнага братэрства, разумення і згоды. А яшчэ не дапусціць эканамічнага спаду. У нашым калектыве разумеюць гэта. Працуем, стараемся.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.