Скарбонка матэрыялаў пра нашу газету пад назвай «Гісторыя аднаго фотаздымка» папаўняецца. Госць «Слуцкага краю» былы супрацоўнік газеты Міхаіл Сяргеевіч Крываль завітаў да нас з яшчэ адным фотаздымкам з уласнага фотаархіву.
– Гэта фота зроблена ў 1973 годзе ў Дзень друку, – усміхаецца Міхаіл Сяргеевіч. – Урачыстасць з нагоды прафесійнага свята па традыцыі праходзіла ў гарадскім Доме піянераў (цяпер там размяшчаецца Слуцкая дзіцячая мастацкая школа мастацтваў). Акрамя супрацоўнікаў раённай газеты ў ёй удзельнічаў няштатны актыў выдання, прадстаўнікі мясцовых органаў улады. Рэдактар газеты «Шлях Ільіча» (ранейшая назва нашага выдання) В.М. Макарэня прааналізаваў дзейнасць калектыву рэдакцыі, з удзячнасцю адзначыў важкі ўклад у паспяховую работу выдання няштатных аўтараў. З віншаваннямі і падзякамі да калектыву рэдакцыі, няштатнікаў звярнуўся сакратар Слуцкага райкама КПБ В.М. Гурбо, іншыя прамоўцы. Лепшыя журналісты, работнікі газеты і слуцкай друкарні, няштатныя аўтары былі адзначаны граматамі і падарункамі. Прайшоў святочны канцэрт піянераў.
Міхаіл Сяргеевіч узгадвае, што пасля ўрачыстасці вырашылі зрабіць памятны здымак. У першым радзе крайні злева – першы сакратар Слуцкага райкама камсамола П.Б. Даўгучыц, трэці ў гэтым радзе супрацоўнік рэдакцыі В.Я. Ларын, побач – дырэктар гархарчпрамгандлю Б.З. Аджаеў, карэспандэнт «Мінскай праўды» М.А. Тычына, сакратар райкама КПБ В.М. Гурбо, рэдактар газеты В.М. Макарэня, крайні справа ў першым радзе – на той час ужо загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ М.С. Крываль. У другім радзе на фотаздымку ў ліку ўдзельнікаў мерапрыемства загадчык сельгасаддзела рэдакцыі Р.А. Сергіенка, дырэктар слуцкай друкарні М.П. Мірончык, намеснік рэдактара газеты У.М. Цішкевіч.
Я з дзяцінстава добра памятаю, як у Доме піянераў праходзілі гэтыя святочныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да Дня друку – мая мама, супрацоўніца «Шляху Ільіча», Ніна Міхайлаўна Селязнёва брала мяне на свята з сабой. Адчувалася (дзіцячае сэрца не падмануць!), гэта была сапраўды радасная падзея, цёплая сяброўская сустрэча, а яшчэ даніна павагі мясцовым журналістам, людзям вельмі нялёгкай і адказнай прафесіі.
– Тады зрабілі здымак на добрую памяць, а сёння гэта ўжо самая сапраўдная старонка стогадовай гісторыі газеты «Слуцкі край», – гаворыць Міхаіл Сяргеевіч.