На вынік і якасць працуе аператар машыннага даення ААТ «Вясейскі Пакроў» Тамара Каржэвіч.
Можна быць упэўненым, што яна зробіць сваю працу на «выдатна». Яе асноўныя прафесійныя якасці – працаздольнасць і адказнасць. Адрозніваецца пунктуальнасцю, здольная ўзяць на сябе адказнасць за вынік. Працуе старанна, не лічыцца з асабістым часам. Так калегі характарызуюць Тамару Каржэвіч.

Нарадзілася і вырасла Тамара Анатольеўна ў вёсцы Рачкавічы Слуцкага раёна.

– У сельскую гаспадарку прыйшла па слядах мамы, – расказвае жанчына, – яна ўсё жыццё адпрацавала жывёлаводам. Так што, можна сказаць, усё маё дзяцінства прайшло на ферме. Я вельмі любіла там бываць, дапамагаць маме даглядаць  жывёл.

Тамара Каржэвіч скончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці заатэхнік. Выйшла замуж і пераехала на цяперашняе месца жыхарства. Першы час працавала ў гаспадарцы па спецыяльнасці, але потым перайшла на працу даяркай.

У 2022 годзе працоўны стаж аператара машыннага даення складзе 30 гадоў. За гэты час прафесія даяркі змянілася. Цяпер ад далікатнай жанчыны не патрабуецца атлетычная падрыхтоўка, бо ўвесь  працэс механізаваны.

– Настолькі ўрасла ў сваю працу, што не лічу яе цяжкай, – адзначае Тамара Анатольеўна. –  Нават калі карова, не дай бог, захварэла, сама ўжо ветурачу іншы раз раю, якое лячэнне менавіта гэтай кароўцы падыдзе. За кожную перажываеш, да кожнай свой падыход: з адной трэба ласкава, на іншую – і прыкрыкнуць. Ведаеш, колькі і якое малако якая кароўка дае. Ёсць больш малочныя, ёсць мясныя.

Аператар машыннага даення абслугоўвае групу колькасцю 50 кароў. Працуе старанна, строга выконваючы рэкамендацыі заатэхніка. І гэта прыносіць свае вынікі, у бягучым годзе надой на карову склаў 9 288 кг (+1 410 кг малака да 2020 года).

– Калі ўкладваць у працу душу, то ўсё атрымаецца, – прызнаецца жанчына. – Калі казаць пра надоі, многае залежыць ад харчавання і нават ад надвор’я. Мы стараемся, каб малако было толькі добрай якасці. А такі прадукт можа даць толькі здаровая жывёла, для гэтага стараемся выконваць тэхналогію кармлення і ўтрыманне жывёлы. Калектыў у нас малады, вельмі добры, дружны, дапамагаем адзін аднаму.

Па словах Тамары Анатольеўны, многае, як у любой справе, залежыць ад адказнасці.

Вольны ад працы час Тамара Анатольеўна прысвячае ўнукам і догляду за 85-гадовай мамай.
Працуюць у сферы сельскай гаспадаркі вось такія, неабыякавыя да агульнай справы людзі, якія хварэюць душой за сваю сельгасарганізацыю, спагадлівыя, цікавыя, адданыя сваёй справе.

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи