На мінулым тыдні на базе Слуцкага раёна прайшоў абласны семінар па пытаннях нарыхтоўкі кармоў у сельскагаспадарчых арганізацыях з удзелам Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леаніда Канстанцінавіча Зайца, старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Міхайлавіча Ісачанкі, кіраўнікоў райвыканкамаў вобласці, начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання.
У Слуцкім раёне ў ліку першых прыступілі да зялёнага жніва. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з арганізацыяй работы па корманарыхтоўцы ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Аграфірма «Лучнікі». У сельгасарганізацыі палосным метадам пасеяны свірэпа і азімае жыта. Гэта тэхналогія апраўдвае сябе: пачатак мая, а ў гаспадарцы ўжо высакаякасны пажыўны корм для жывёлы. Гэты метад практыкуецца і ў іншых гаспадарках раёна.
Дырэктар цэнтра павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў, работнікаў і спецыялістаў Магілёўскай вобласці Якаў Усцінавіч Яроцкі расказаў аб тэхналогіі вырошчвання палосных пасеваў, у тым ліку аб падборы плошчаў па севаабароце, норме высеву і ўнясенні мінеральных угнаенняў. Таксама была праведзена  дэманстрацыя работ па арганізацыі сустрэчнага падкошвання многакампанентных пашаў.
Нарыхтоўка кармоў павінна прайсці ў максімальна сціслыя тэрміны – за 10 – 12 дзён, звярнуў увагу старшыня Мінскага аблвыканкама Анатолій Міхайлавіч Ісачанка. У вобласці для гэтага ёсць усё неабходнае: працаўнікі, тэхніка, паліва. Неабходна ўбраць травы як мага хутчэй, пры гэтым нельга забываць пра якасць. Падчас корманарыхтоўкі важна ўкласціся ў тэхналагічныя тэрміны і не ўпусціць момант, калі ў зялёнай масе павышанае ўтрыманне бялку і вугляводаў.
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Канстанцінавіч Заяц адзначыў, што да пачатку ўборкі збожжавых неабходна сабраць некалькі ўкосаў травы, у аснове якіх люцэрна. А калі добры травастой, як у Слуцкім раёне, можна і тры. Кармы, багатыя энергіяй і бялком, садзейнічаюць павышэнню прадукцыйнасці дойнага статка, прываг, захаванасці маладняку. Тут ужо можна гаварыць і пра выкананне пастаўленых Прэзідэнтам краіны задач па пераадоленні сямітысячнага рубяжу па ўдоі малака ад каровы да 2020 года.
– Нельга марудзіць з касьбой зараз, бо можна згубіць трэці ўкос. Важна арганізавацца і распачаць уборку травы ў тэрмін, – заўважыў Л.К. Заяц.
Таксама ён адзначыў, што з кожным годам у краіне атрымліваюць усё больш малака і мяса. Але каэфіцыент карыснага дзеяння кармоў павінен быць вышэй. Асноўныя прэтэнзіі тут да гаспадарак з нізкай эканамічнай эфектыўнасцю. Таму кіраўнікам, спецыялістам, сярэдняму звяну неабходна звярнуць увагу на выканальніцкую дысцыпліну, выкананне тэхналагічных рэгламентаў. Без гэтага дасягнуць высокіх паказчыкаў практычна немагчыма. І ў кожнай гаспадарцы павінны ўсвядоміць, што за іх саміх гэту работу ніхто не зробіць. Трэба проста мець жаданне працаваць, а не шукаць адгаворкі. Сёння няма інфармацыйнага вакууму, які б перашкаджаў самаразвіццю і самаадукацыі, ёсць інтэрнэт, дастаткова спецыялізаванай літаратуры, дзе можна знайсці шмат рознай інфармацыі. Нават перадавыя гаспадаркі адкрыты для кожнага – трэба толькі больш настойліва цікавіцца.
Падчас семінара абмеркавалі пытанні нарыхтоўкі кармоў у стрэтч-плёнку, абавязковага прымянення біялагічнага кансерванту для лепшай захаванасці кармоў. У ліку праблемных пытанняў – будаўніцтва сіласна-сянажных траншэй (у вобласці асвоена толькі 29 працэнтаў выдзеленых на гэта сродкаў), узвядзенне клюшачнікаў, вытворчасць малака. Гэтыя тэмы абмеркавалі падчас пленарнага пасяджэння.
Ірына КАВАЛЕНКА.








About Author
СК
View All Articles

Похожие записи