Общество
1 min read
92

Насіце маску!

20 ноября, 2020
0
Насіце маску!

Так здарылася, што я захварэла на COVID-19. Выявіўшы ў сябе сімптомы захворвання, адправілася ў паліклініку. Ведаючы аб чэргах, прыйшла да 7.30. Каля яшчэ зачыненых дзвярэй у гэты час ужо тоўпілася нямала народу. У выніку ў чарзе ў запаветны кабінет я была адзінаццатай.

Наведванне бальніцы заўсёды дастаўляе мала задавальнення, тым болей у перыяд эпідэмічнага пад’ёму. І справа нават не ў колькасці людзей у чэргах, а ў тым, як яны сябе паводзяць.

– Я займала за мужчынам у сіняй шапцы!

– Ды што вы кажаце? Вы прыйшлі ўжо пасля мяне!

– Я адыходзіла проста, стаю ж адразу ў тры кабінеты!

– У мяне паражэнне лёгкіх 30%!

– А ў мяне 40, і я сяджу ў агульнай чарзе!

– А вы куды?

– Я пасля флюараграфіі!

А калі медыцынскі работнік паспрабавала зайсці ў запаветны кабінет без чаргі (яны маюць на гэта права), сітуацыя яшчэ болей абвастрылася.

Шчыра кажучы, вельмі здзіўляла стаўленне людзей да медработнікаў. Калі ў першую хвалю захворвання COVID-19 усе дзякавалі ім за працу, то сёння можна пачуць і адваротнае.

Злосць ад бяды, што звалілася, грамадзяне нярэдка зрываюць на тых, хто іх лечыць…

А ці медыкі вінаватыя ў тым, што мы самі не хочам паклапаціцца пра сваё здароўе. Адмаўляемся насіць маскі, рабіць прышчэпкі, менш кантактаваць з іншымі… А калі захварэлі, хутчэй бяжым у бальніцу, і крайнім становіцца доктар, які не так прыняў, не тое прызначыў і гэтак далей.

Перш, чым вінаваціць медыкаў, падумайце, што менавіта вы можаце зрабіць, каб змяніць сітуацыю.

І ў той жа час усе чамусьці хутка забыліся, як гэта – працаваць суткамі ў ахоўных касцюмах, у якіх горача, душна, не папіць, у прыбіральню  не схадзіць. Памятаеце, яшчэ зусім нядаўна ўсе абмяркоўвалі фота медыкаў пасля шматгадзіннага знаходжання ў супрацьчумным касцюме? У бруднай зоне, дзе вядзецца прыём хворых з рэспіраторнымі захворваннямі, дактары працуюць па 12 гадзін без перапынку на абед. А большасць з нас, стоячы ў чэргах да іх на прыём, наракае: доўга … У той жа самы час, большасць надзелі медыцынскую маску непасрэдна перад наведваннем паліклінікі.

Чаму мы перасталі задумвацца, як гэта – уваходзіць у «брудную зону», і як не менш страшна вяртацца дадому да сям’і пасля змены ў інфекцыйным аддзяленні?

Перахварэўшы COVID-19, я хачу сказаць: паважаныя медыцынскія работнікі, дзякуй вам за вашу працу і цярпенне!

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи