Рэспубліканскі маладзёжны інфармацыйна-асветніцкі праект «Паштоўка.БЕЛ» стартаваў 5 лютага. Гэту ініцыятыву, створаную актывістамі саюза моладзі, падтрымалі ў тым ліку і на Случчыне. Нагадаць грамадзянам краіны аб іх канстытуцыйным выбарчым праве і выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў – асноўная мэта праекта.
Навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя С.І. Шклярэўскага Анастасія Якаўлева, Анастасія Дыдышка, Ульяна Лобан, Віялета Аўчыннікава, Іван Пахомаў і Яўгеній Дуля з цікавасцю разглядаюць паштоўкі.
– Стыльны дызайн, – звяртае ўвагу Іван Пахомаў. – Добра, што ёсць і каляндар, адзначаны дзяржаўныя святы.
Моладзь «узброілася» ручкамі і, выводзячы кожную літару, удзельнікі акцыі запаўняюць паштоўкі.

– Я сваю картку адпраўлю матулі з тэкстам, каб абавязкова прыходзіла на выбары. Яна ў мяне заўсёды ўдзельнічае ў электаральных кампаніях, але ўпэўнена, што матулі будзе прыемна атрымаць ад мяне паштоўку з прывітаннем і запрашэннем, – адзначае Ульяна.

Навучэнцы таксама расказваюць, што раней ужо прымалі ўдзел у выбарах.
– Гэта вельмі адказная і важная місія, – заўважае Анастасія Якаўлева. – Калі ўдзельнічала ў выбарах упершыню, крыху хвалявалася. А зараз ужо больш дасканала пазнаёмілася з Выбарчым кодэксам нашай краіны, сачу за актуальнымі навінамі, што тычацца электаральнай кампаніі. Да выбарчага працэсу стаўлюся вельмі адказна, бо разумею, што ад правільнага выбару, майго ў тым ліку, залежыць будучае рэгіёна і краіны.
Вось ужо на паштоўках з’явіліся імёны і адрасы, па якім трапяць запрашэнні ад моладзі. Хтосьці накіраваў сваю картку сяброўцы, хтосьці – бабулі…

– Сутнасць маладзёжнай акцыі простая: кожны беларус бясплатна да 20-га лютага ўключна можа запоўніць паштовую картку-флаер «Выбіраем будучыню разам!» (яе можна атрымаць у райкаме БРСМ) і накіраваць яе любому адрасату на тэрыторыі краіны. За дастаўку карэспандэнцыі адказваюць работнікі аддзяленняў паштовай сувязі РУП «Белпошта», – адзначыла першы сакратар Слуцкага райкама БРСМ Вікторыя Задзёра.

Кацярына БАРЫСЕВІЧ.

Похожие записи