Падчас інтэрв’ю лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Лідзія Мікалаеўна Дзярэча ўзгадвала сваю працоўную дзейнасць, падзеі, атмасферу савецкай эпохі.
Яна, дзіця вайны, не па чутках ведае, што такое сапраўдны голад – калі хлеб сніўся па начах як самая жаданая прысмака ў свеце і нават, здавалася, адчуваўся яго гарачы сытны пах… Яна памятае, якой цяжкай была праца на зямлі і якой шчаслівай – калі наліваліся сілай каласы на роднай ніве, калі слава пра калгас «Ленінскі шлях» са Случчыны грымела па ўсім Савецкім Саюзе.
З маленства марыла стаць аграномам
Лідзія Мікалаеўна Дзярэча чалавек-легенда. Па-першае, яна, бадай, адзіная сярод цяперашніх жыхароў Случчыны, хто мае такі важкі тытул лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Па-другое, яе расказы пра мінулае захоўваюць столькі каштоўнага з гісторыі нашага краю, Міншчыны, столькі эмоцый – мая субяседніца памятае ўсё да падрабязнасцей.
Вёска Лучнікі – малая радзіма маёй гераіні: тут яна гадавалася ў бацькоўскай хаце, замуж пайшла, усё жыццё працавала. І цяпер жыве ў родным аграгарадку – у светлым прасторным доме, дзе на бялюткіх гардзінах гойдаюцца сонечныя праменьчыкі.
– Я з мнагадзетнай сям’і, нас у бацькоў было дзевяць дзяцей, – расказвае Лідзія Мікалаеўна. – Бацькі працавалі ў калгасе. Тата загінуў на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны, пад Варшавай. Мама гадавала нас адна. І ёй, і нам, дзецям, вельмі цяжка было ў пасляваенны галодны час. Гэта цуд, што выжылі. З ранняга дзяцінства я, мае браты і сёстры шмат працавалі на полі. Я за лета вырабляла па 150 працадзён. Каб трохі зарабіць, будучы школьнікамі, мы пасвілі свіней, цялят… Вельмі марыла стаць аграномам, лічыла гэту работу адной з галоўных у свеце, бо будзе хлеб – будзе і жыццё. Пасля заканчэння дзесяцігодкі планавала паступаць у тэхнікум ці інстытут. Але мама сказала, што ёй без мяне не справіцца з гаспадаркай, ды грошай у нас не было на жыццё ў Мінску. І я пайшла ў паляводы ў родны калгас «Ленінскі шлях».
Лідзія Мікалаеўна, несумненна, надзелена лідарскімі якасцямі. Яна мэтанакіраваная, валявая, адказная, праца з’яўляецца для яе натхненнем і патрэбай, як паветра. Мая суразмоўца ўсміхаецца: па гараскопе Леў, адсюль і характар такі. А мне думаецца, не толькі зоркамі ён вызначаны. Але і выпрабаваннямі, што выпалі на долю маёй гераіні, а яшчэ – спрадвечным сялянскім ладам, прыкладам руплівасці бацькоў, іншых лучнікоўцаў і случчан, якія заўсёды любілі, шанавалі родную зямельку як самае каштоўнае.
«Работа была значна цяжэйшая»
Ужо праз год, у 1957-м, спрытную працаўніцу і актывістку Ліду (яе выбралі сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі) прызначылі брыгадзірам агароднай брыгады. А праз некаторы час Лідзія Мікалаеўна стала начальнікам вытворчага ўчастка калгаса «Ленінскі шлях». Дарэчы, яна завочна закончыла Смілавіцкі сельгастэхнікум і атрымала такі жаданы дыплом агранома.
– На полі, можна сказаць, днявалі і начавалі, – узгадвае Лідзія Мікалаеўна. – На маім участку, а гэта каля тысячы гектараў сельгасугоддзяў, працавала 50 паляводаў. Вырошчвалі збожжавыя, буракі цукровыя і кармавыя, бульбу, іншыя культуры. Пераважную большасць работ выконвалі ўручную. Гэта цяпер усё з дапамогай машын на палетках робіцца, а ў 1960 – 1970-х, напрыклад, тыя ж бурачкі праполвалі рукамі, выбіралі, ачышчалі таксама. У нашы дні салому як удала з дапамогай машын у рулоны скручваюць! А ў маю бытнасць салому з прэса ўручную выцягвалі, грузілі на вазы або на трактары. Працавалі і ў спёку, і ў сцюжу, работа была значна цяжэйшая, чым цяпер, але ніхто не скардзіўся. Мне здаецца, тады больш запалу было, весялосці, падчас працы людзі песні спявалі. І ўсе мы, ад кіраўніка да простага работніка, шчыра былі заклапочаны, каб атрымаць больш высокі ўраджай, каб лепшым быў вынік нашай працы.
Лідзія Мікалаеўна ўзгадвае, што за час, калі яна ўзначальвала вытворчы ўчастак, яе падраздзяленне штогод выходзіла пераможцам не толькі раённага, але і рэспубліканскага, усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. У асноўным менавіта на яе ўчастку ў калгасе «Ленінскі шлях» вырошчвалі культуры элітных і эксперыментальных гатункаў. А гэта значыць, асаблівы догляд, выкарыстанне новых тэхналогій, цеснае супрацоўніцтва з вучонымі-селекцыянерамі, высокая адказнасць. З удзячнасцю Лідзія Мікалаеўна ўспамінае Васілія Сцяпанавіча Макуцэню, які ўзначальваў калгас у пачатку яе працоўнай дзейнасці. Захоплена расказвае пра былога старшыню СВК «Ленінскі шлях» Мікалая Ільіча Васілевіча, пад кіраўніцтвам якога гаспадарка набыла кардынальнае развіццё – з высокаэфектыўнай вытворчасцю прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, магутнай матэрыяльнай базай, з развітай інфраструктурай і вядомасцю не толькі ў Беларусі, але і ў СССР. Гаспадарка не аднойчы выходзіла пераможцай усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва, была ўдзельніцай Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР.
З цеплынёй мая субяседніца расказвае пра былога галоўнага агранома гаспадаркі Уладзіміра Міхайлавіча Бруйка, іншых спецыялістаў, з якімі працавала ў калгасе. Дарэчы, агульны працоўны стаж Лідзіі Дзярэча (і гэта толькі работа ў паляводстве) складае каля 40 гадоў.
«Была ўдзельніцай ХХVII з’езда КПСС і бачыла Фідэля Кастра»
У 1986 годзе начальнік першага вытворчага ўчастка калгаса «Ленінскі шлях» Лідзія Мікалаеўна Дзярэча за адметныя дасягненні ў працы была ўдастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. З гэтай нагоды ў №136 за 15 лістапада 1986 года нашай газеты (тады яна называлася «Шлях Ільіча») было надрукавана інтэрв’ю пад назвай «Л.М. Дзярэча: МОЖАМ ЛЕПШ!». Прывяду цытату з гэтай публікацыі: «… Лідзія Дзярэча: «Лічу, што гэтай узнагародай адзначаны поспехі калектыву ўсяго першага ўчастка, усяго роднага калгаса. Значна перакрылі ўсе мінулагоднія заданні, добрых поспехаў дабіліся і сёлета. Збожжавых на ўчастку атрымана па 58,8 цэнтнера з гектара, бульбы – 402 цэнтнеры, цукровых буракоў – 435, кармавых караняплодаў – 817. Гэтаму садзейнічалі прымяненне перадавых тэхналогій, выкарыстанне высокапрадукцыйных сартоў насення, павышэнне ўрадлівасці зямлі. І галоўнае – добрасумленныя адносіны хлебаробаў і механізатараў да сваіх непасрэдных абавязкаў, іх любоў і гаспадарскія адносіны да зямлі, да тэхнікі».
Лідзія Мікалаеўна ўзнагароджана таксама ордэнам «Знак Пашаны», залатой, дзвюма сярэбранымі і бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета, Савета Міністраў БССР, іншымі ўзнагародамі.
– Ведаеце, для мяне заўсёды мела значэнне быць чалавекам на сваім месцы – прафесіяналам. Памятаю, як старшыня Слуцкага райвыканкама Віктар Фёдаравіч Арлоўскі ўручаў мне дыплом «Лепшы па прафесіі», – распавядае Лідзія Мікалаеўна. – Гэта адзін з важных момантаў майго жыцця. Віктар Фёдаравіч быў вельмі ўважлівым да людзей, спагадлівы, мудры, цудоўны чалавек і кіраўнік.
З хваляваннем Лідзія Мікалаеўна ўзгадвае ХХVII з’езд КПСС у Маскве, дэлегатам якога была:
– З’езд праходзіў у 1986 годзе. Дэлегацыю Мінскай вобласці ўзначальваў першы сакратар Мінскага абласнога камітэта Кампартыі Беларусі Анатолій Аляксандравіч Малафееў. З вялікай цікавасцю слухалі на з’ездзе выступленне Генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова, які гаварыў, што прыйшоў час рэформаў, што трэба рухацца далей. Памятаю, гарачымі апладысментамі дэлегаты сустракалі Фідэля Кастра, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Кубы. Увогуле, было шмат уражанняў, экскурсій.Як і многія людзі савецкай эпохі, я крышку сумую па тым часе… Што і казаць, Савецкі Саюз быў адной з самых моцных і заможных дзяржаў у свеце.
Пра асабістае…
А цяпер пра рамантычную старонку жыцця маёй гераіні – пра каханне. Не абмінула гэта светлае пачуццё і Ліду. Мясцовы хлопец Іван запаліў дзявочае сэрца пяшчотным жарам і ў 1961 годзе яны пажаніліся. Іван Фёдаравіч працаваў у калгасе вадзіцелем. У шчаслівай сям’і Дзярэчаў нарадзіліся дачушка Ларыса і сын Генадзій. Лідзія Мікалаеўна ўспамінае, што ў той час (1960-я) «дэкрэтны водпуск» для парадзіх складаў толькі дзевяць дзён, потым трэба было выходзіць на працу. Ясляў не было, дзетак, як правіла, даглядалі бабулі ці іншыя родныя. Ніколі не енчылі, што цяжка, спраўляліся, радаваліся, што дзеткі растуць, адзначае субяседніца.
Яна па-ранейшаму спраўляецца з іспытамі лёсу, якімі б балючымі яны ні былі. Пайшлі з жыцця муж, дачка, нявестка… Лідзія Мікалаеўна гаворыць, што можна навучыць не плакаць вочы, а вось сэрца гэтай навуцы пакуль не паддаецца… Яе радасць і шчасце, канечне, унукі і праўнукі, якімі яна па праве ганарыцца. Напрыклад, адзін з унукаў Мікалай Луцэвіч узначальвае інфекцыйнае аддзяленне Слуцкай райбальніцы, выдатны доктар.
А яшчэ па-ранейшаму прыемнасць для знакамітай жыхаркі Лучнікоў праца на зямлі. Лідзія Мікалаеўна з задавальненнем агароднічае на прысядзібным участку – вырошчвае агуркі, цыбулю, моркву, бульбу, іншыя культуры, на падворку вяскоўкі – курачкі і два каты.
– Мне ўжо за восемдзесят гадоў, родныя папярэджваюць, трэба менш фізічных нагрузак, – усміхаецца Лідзія Дзярэча. – А я не магу. Калі дакранаюся да зямлі рукамі, быццам набіраюся сілы, наноў адчуваю жыццё…



У ліку дэлегатаў 30-й раённай партканферэнцыі былі прадстаўнікі калгаса «Ленінскі шлях»: Аляксандр Ліннік, Мікалай Васілевіч, Таццяна Казлоўская, Клаўдзія Савановіч, Павел Шчаглоў, Барыс Касцюкевіч, Лідзія Дзярэча (фота з адкрытых крыніц).
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.