У лёсе кожнага чалавека ёсць свая школа. Яна вядзе не толькі ў краіну ведаў, але і становіцца важнай часткай жыццёвага шляху, вучыць сябраваць і працаваць, быць адказным за свае ўчынкі, паважаць іншых людзей, любіць родны край. Менавіта ў школе закладваюцца асновы характару, раскрываюцца здольнасці і таленты, нараджаюцца мары і вызначаюцца першыя жыццёвыя мэты.
30 кастрычніка 2026 года дзяржаўная ўстанова адукацыі “Кляпчанская базавая школа” адзначыла свой векавы юбілей з дня заснавання…
За 100 гадоў школа прайшла вялікі гістарычны шлях, які складаецца з лёсаў многіх пакаленняў вучняў і педагогаў. За кожнай датай, кожным імем стаяць гады самаадданай працы, пошуку, дасягненняў і шчырай любові да дзяцей.


Сто гадоў назад у Кляпчанах запалілася іскра, якая ператварылася ў яркае полымя. Доўгі час мы верылі, што дзіця — гэта факел, які патрэбна запаліць. Але сёння, мы з упэўненасцю можам сказаць, што дзіця — гэта каштоўны сасуд. Дзіця прыходзіць да нас, як чыстае палатно, як ціхая гавань, як неспазнаная старонка. І наша місія — не проста напоўніць яго ведамі, а напоўніць яго сэнсам.
Святкаванне векавога юбілею стала яркай, цёплай і вельмі душэўнай падзеяй не толькі для калектыва нашай школы, але і для ўсіх жыхароў вёскі Кляпчаны. Мерапрыемства аб’яднала розныя пакаленні людзей, чые лёсы былі звязаны з установай адукацыі, прайшло ў атмасферы ўспамінаў і ўрачыстасці.
Павіншаваць нашу любімую школу з юбілеем прыйшлі ганаровыя госці, выпускнікі розных гадоў, ветэраны педагагічнай працы, якія прысвяцілі жыццё школе. На парозе школы з хлебам-соллю і словамі прывітання гасцей сустракалі педагогі і навучэнцы ўстановы адукацыі.


Святочны настрой на тэрыторыі школьнага двара стваралі мелодыі саксафона ад Вячаслава Рахманава.
Кожнага госця, які завітаў у той дзень да нас, мы сустракалі вельмі шчыра, з вялікай павагай і ўдзячнасцю.


Амаль што у кожнага госця была магчымасць прыняць удзел у рытуале “напаўнення сэнсам” чыстага празрыстага “Сасуда пакаленняў” фарбамі, якія сталі самой суццю нашай школы. Кожны слой — гэта не проста колер, гэта характар, гэта лёс, гэта частка душы, якую мы ўкладваем у нашых дзяцей.
– Кожная крупінка тут — гэта асобная гісторыя, асобны год, асобны лёс. Белая соль — як чысты аркуш сшытка. Каляровая — як фарбы
дзяцінства, як яскравыя падзеі школьнага жыцця.


Са словамі віншавання к калектыву ўстановы адукацыі звярнуліся намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Жанна Ленідаўна Руцкая, начальнік упраўлення па адукацыі Іна Алікаўна Серадзінская, упраўляючы дзяржаўнай установай «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Слуцкага раёна» Аксана Сцяпанаўна Бачкова, старшыня Слуцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Міхайлаўна Кахановіч, старшыня Кіраўскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Георгіевіч Мерны, інжэнер па ахове працы сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Кірава-агра» Юлія Віктараўна Беляева, намеснік генеральнага дырэктара па ідэялагічнай рабоце адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сахарарафінадны камбінат» Андрэй Міхайлавіч Заяц, настаяцель храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага іерэй Сергій Аляксандравіч Рында.
Госці пажадалі калектыву плённай працы, новых адкрыццяў і дасягненняў, далейшага развіцця ўстанове адукацыі, каб школа ганарылася сваімі навучэнцамі.


За дасягнутыя поспехі ў рабоце педагогі і тэхнічныя работнікі былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі.
Асобыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў педагагічнай працы, якія стаялі ў самых вытокаў гісторыі школы. Менавіта яны стварылі фундамент традыцый і беражна перадалі эстафету сазідання нам.
На працягу ўсяго святочнага мерапрыемства гучалі музычныя віншаванні не толькі ад педагогаў і навучэнцаў нашай школы, але і іншых творчых калектываў Случчыны, у тым ліку і творчыя нумары ад Селішчанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, дзе займаюцца навучэнцы нашай школы.

Прыйшлі таксама павіншаваць з юбілеем любімую школу прадстаўнікі дзіцячага садка в.Кірава.

Калектыў школы падрыхтаваў для гасцей адмысловыя тэматычныя куткі, фотазоны і выставы з гістарычнымі фотаздымкамі. Выпускнікі і педагогі мінулых гадоў змаглі прайсці па родных калідорах і узгадаць свае школьныя гады.
Гэта быў вечар, напоўнены слязамі радасці ад сустрэч, шчырымі абдымкамі і гонарам за родную школу, за яе багатую гісторыю.
Шмат цёплых слоў гучала ў адрас педагагічнага калектыву, які захоўвае традыцыі і робіць усё для таго, каб праслаўляць сваю ўстанову адукацыі, сваю малую радзіму, сваю Беларусь!
Даведачна. Цікавыя факты з летапісу школы: Гісторыя нашай школы вельмі багатая. Яна бярэ свой пачатак у 1926 годзе. У тыя часы школа размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце і мела толькі чатыры пачатковыя класы. Навучалася ў ёй каля 70 дзяцей. Заняткі вялі два настаўнікі. Першым дырэктарам быў Арцём Пятровіч Сарагавец, які адначасова выконваў абавязкі кіраўніка школы і настаўніка, выкладаў арыфметыку, граматыку, батаніку.
Разам з ім працаваў Васіль Філіпавіч Сухавер, які выкладаў арыфметыку.
Гэта былі першыя старонкі вялікага школьнага летапісу, пачатак справы, якая будзе працягвацца наступнымі пакаленнямі педагогаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны школа не працавала. Але адразу пасля яе заканчэння навучанне было адноўлена, і школьныя класы зноў напоўніліся дзіцячымі галасамі. У маі 1949 года адбыўся першы пасляваенны выпуск Кляпчанскай пачатковай школы.

Новай старонкай у гісторыі ўстановы адукацыі стаў 1950 год, калі дырэктарам пачатковай школы быў прызначаны Аляксандр Піліпавіч Маглыш, настаўнік рускай мовы і літаратуры.
З ліпеня 1954 года па люты 1955 года дырэктарам Кляпчанскай сямігадовай школы працавала Таццяна Макараўна Бойка.
З 1 верасня 1954 года школа стала сямігадовай.
У лютым 1955 года дырэктарам Кляпчанскай сямігадовай школы быў прызначаны Якаў Пятровіч Мялешка.
Школа была не толькі месцам атрымання ведаў, але і сапраўдным цэнтрам жыцця вёскі.
З верасня 1961 года тут дзейнічалі харавы, драматычны, тэхнічны, танцавальны і матэматычны гурткі.
Дзеці мелі магчымасць не толькі вучыцца, але і спяваць, танцаваць, займацца творчасцю, тэхнікай і матэматыкай, раскрываць свае здольнасці і знаходзіць новыя захапленні.
З 1 верасня 1962 года школа стала васьмігадовай.
З кожным годам школа расла, павялічвалася колькасць вучняў. Існуючыя памяшканні ўжо не маглі ў поўнай меры забяспечваць патрэбы навучальнага працэсу. Таму ў 1965 годзе пачалося будаўніцтва новага двухпавярховага цаглянага будынку.
У 1970 годзе адбылося адкрыццё новага будынку школы, што стала сапраўды знакавай падзеяй у жыцці жыхароў вёскі Кляпчаны. Новы будынак быў разлічаны на 144 вучні і адкрываў значна большыя магчымасці для навучання і выхавання дзяцей. Пачаўся новы этап у жыцці школы.
Галоўным багаццем школы ва ўсе часы заставаліся людзі. Іх веды, прафесіяналізм, цярпенне і любоў да дзяцей стваралі тую трывалую аснову, на якой школа развівалася далей.
У 1985 годзе, пасля выхаду Якава Пятровіча Мялешкі на заслужаны адпачынак, дырэктарам школы была прызначана Тамара Дзмітрыеўна Асмалоўская (Міхнюк). Яе прафесійны шлях быў непарыўна звязаны з Кляпчанскай школай.
З 1976 года яна працавала тут выхавацелем групы падоўжанага дня, затым настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а з 1982 года да прызначэння дырэктарам была намеснікам дырэктара.
Гэта быў перыяд, калі школа беражліва захоўвала традыцыі, створаныя папярэднімі пакаленнямі, і адначасова назапашвала новы педагагічны вопыт.
У школе ў розныя гады працавалі:
Таццяна Макараўна Бойка, настаўнік беларускай мовы
і літаратуры; Паліна Сяргееўна Яўменава; Галіна Віктараўна Камарова; Вольга Антонаўна Бярозка, настаўнік пачатковых класаў;
Лідзія Сцяпанаўна Кулікоўская, настаўнік фізікі; Надзея Ігнатаўна Маглыш, настаўнік пачатковых класаў; Максім Рыгоравіч Скібарка, настаўнік біялогіі, хіміі і фізікі; Н.Д.Баганіна, настаўнік пачатковых класаў; А.К.Воўк, настаўнік матэматыкі; Іван Міронавіч Гупаловіч, настаўнік хіміі і працы; Таіса Аляксандраўна Дзічкоўская, настаўнік рускай мовы і літаратуры; М.М.Славашэвіч, настаўнік пачатковых класаў; П.Ф.Шыловіч, настаўнік фізічнага выхавання; Віктар Маркавіч Кохан і Яўген Міхайлавіч Ластачкін, настаўнікі фізічнага выхавання; Алена Арцем’еўна Круталевіч, настаўнік пачатковых класаў; Вольга Мікалаеўна Лагун, настаўнік матэматыкі, фізікі і чарчэння;
Валянціна Мігай і Вера Цімафееўна Сарока, настаўнікі хіміі і біялогіі; Кацярына Паўлаўна Якімовіч, настаўнік матэматыкі і фізікі;Марыя Сільвестраўна Вяршэня, настаўнік хіміі і біялогіі; Ганна Мацвееўна Ягоранка, выхавальнік групы падоўжанага дня; Л.Т.Гур; Наталля Уладзіміраўна Акуліч, настаўнік хіміі; Надзея Іванаўна Працай, выхавальнік групы падоўжанага дня; Алена Мікалаеўна Мартынюк, піянерважатая; Тамара Дзмітрыеўна Міхнюк, выхавальнік групы падоўжанага дня, справавод і загадчык бібліятэкі; Соф’я Пятроўна Понтус, настаўнік пачатковых класаў; Эдмунд Антонавіч Якаўчык, настаўнік фізічнага выхавання; Святлана Міхайлаўна Бахановіч (Бараноўская), настаўнік гісторыі, намеснік дырэктара; Браніслаў Андрэевіч Лабковіч, настаўнік працы і загадчык майстэрні; Надзея Васільеўна Вілюха, намеснік дырэктара; Наталля Леанідаўна Вайцаховіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры; Валянціна Сяргееўна Нурымардынава, Людміла Мікалаеўна Гур, Анжаліка Аляксееўна Лазюк, настаўнікі пачатковых класаў; Тамара Уладзіміраўна Талстая (Піліпёнак), настаўнік матэматыкі; Ала Анатольеўна Любецкая (Радзюк), настаўнік фізікі; Зінаіда Мікалаеўна Барцэвіч, повар школы; Святлана Генадзьеўна Лясун, загадчык гаспадаркі.
Кожны з іх пакінуў сваю часцінку ў гісторыі школы. Бо школьнае жыццё складаецца не толькі з урокаў і адзнак. За ім стаіць штодзённая праца вялікага калектыву, які стварае ўмовы для навучання, выхавання і развіцця дзяцей.
У 2004 годзе школа спыніла сваю работу.
Аднак школьны будынак яшчэ доўгі час працягваў служыць дзецям. Да 2018 года ён выкарыстоўваўся для летняга аздараўлення дзяцей Слуцкага раёна. Тут размяшчаўся аздараўленчы лагер «Пралеска».
Праз чатырнаццаць гадоў школьны званок у Кляпчанах прагучаў зноў. У 2018 годзе будынак Кляпчанскай школы атрымаў другое жыццё. Быў праведзены сучасны рамонт, абноўлены памяшканні, створаны добрыя ўмовы для навучання дзяцей. Светлыя прасторныя класы і новае абсталяванне сталі сапраўдным падарункам для вучняў, настаўнікаў
і бацькоў.
Кіраўніцтва школай было ўскладзена на Антона Уладзіміравіча Мяцельскага. Намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце працавала Наталля Анатольеўна Давідовіч. Пад яго кіраўніцтвам педагагічныя традыцыі працягваюць Наталля Уладзіміраўна Кулеш, Ала Мікалаеўна Самусевіч, Кацярына Сяргееўна Казляк, Вольга Пятроўна Праскаловіч – настаўнікі пачатковых класаў; Ірына Міхайлаўна Губанава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры; Вольга Ігараўна Алішэўская, настаўнік геаграфіі; Андрэй Андрэевіч Барташэвіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя; Вікторыя Іванаўна Врублеўская, настаўнік фізікі; Марк Львовіч Бродкін, настаўнік матэматыкі; Марыя Аляксандраўна Дубовік, настаўнік гісторыі; Аліна Анатольеўна Ганчарык, настаўнік нямецкай мовы, Ніна Аркадзьеўна Леановіч, настаўнік матэматыкі і іншыя.
З 2022 года кіраўніцтва школай ускладзена на Давідовіч Наталлю Анатольеўну.
Кляпчанская базавая школа сёння – гэта сучасная, утульная і паспяховая ўстанова адукацыі, дзе створаны ўсе неабходныя ўмовы для рэалізацыі адукацыйнага працэсу. Калектыў нашай школы – гэта жывы арганізм, які дыхае марамі дзяцей, мудрасцю педагогаў і дапамогай бацькоў! Наш педагагічны калектыў – гэта сапраўдная каманда аднадумцаў. Нашы навучэнцы – гэта наш гонар, наша будучыня. Бацькі нашых навучэнцаў – гэта падтрымка і апора.
Мы беражліва ставімся да векавой гісторыі школы, захоўваем традыцыі і заўсёды рухаемся наперад!
Я выказваю словы вялікай удзячнасці ўсім, хто прыйшоў нас павіншаваць! Вялікі дзякуй!
З юбілеем, любімая школа! Няхай заўсёды гучаць тут вясёлыя дзіцячыя галасы! Поспехаў нам і новых перамог і дасягненняў!
Усё толькі пачынаецца!…
Наталля Давідовіч, дырэктар Кляпчанскай БШ.