То дождж, то снег, якія назіраліся ў канцы сакавіка – пачатку красавіка,  не далі аграрыям развярнуцца ў поўную моц з вясеннімі палявымі работамі.

Яшчэ ў пачатку мінулага тыдня свята засевак прайшло ў ААТ «Вясейскі Пакроў» з удзелам спецыялістаў і механізатараў, чыёй працавітасцю дасягаюцца высокія вынікі.

У гэты дзень у сельгас­арга­нізацыі паспелі засеяць першыя 20 гектараў, а назаўтра ўсё вакол засыпала бялюткім сняжком.

Засеяць хлебам першыя гектары даверылі механізатару з 30-гадовым стажам Мікалаю Кураку.

– Восенню сеяў азімы, цяпер вось пара яравы ячмень сеяць, – па-гаспадарску адзначыў меха­нізатар. – Праца па душы, таму столькі гадоў і працую ў полі. А яшчэ падабаецца трактар – энерганасычаны, з такой цудоўнай шыроказахопнай сеялкай. Зусім не тое, што з дзясятак гадоў таму.

Па словах спецыялістаў, на ўраджай снег адмоўна паўплы­ваць не павінен.

– Галоўнае, каб маразоў не было, а вільгаць у гэты час не пашкодзіць, – разважае галоўны аграном сельгасарганізацыі Яўген Кургановіч. –  Вось толькі давя­дзецца падладкоўвацца пад «сюрпрызы» надвор’я. Падчас вясенняй сяўбы раннімі збожжавымі і зернебабовымі культурамі трэба засеяць каля 900 гектараў. Пакуль уносім у глебу арганічныя ўгнаенні, і як толькі пацяплее, хуткімі тэмпамі ізноў прыступім да сяўбы.

Так і хочацца сказаць: няхай жа спрыяе надвор’е і радуе ўраджаем зерне, закладзенае з душой!

Для гэтага трэба не толькі пасеяць, але і падкарміць рас­ліны. На такім відзе работ у сельгас­арганізацыі заняты малады і адказны механізатар Вадзім Масюкевіч. На самаходным апыр­сквальніку «Туман-2М» ён, калі спрыяльнае надвор’е, вядзе падкормку рапсу, збожжавых, траў і іншых сельскагаспадарчых культур.


На падвозцы мінеральных угнаенняў разам з ім працуюць яго бацька Сяргей Масюкевіч і Вячаслаў Раеўскі. А падчас уборачнай кампаніі Вадзім працуе разам з бацькам на камбайне. У мінулым сезоне яны намалацілі больш за 2 200 тон збожжа. Яго брат Аляксандр таксама працуе ў сельгасарганізацыі – ён інжынер. Вадзім скончыў Мар’інагорскі тэхнікум, таксама інжынер, некаторы час працаваў у гаспадарцы па спецыяльнасці, але потым  перайшоў на трактар, больш даспадобы.

Пакуль малады, кажа Вадзім, самы раз папрацаваць у полі, тым больш, што і заработная плата, калі старацца, высокая.

 Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи