Сёлетні год сур’ёзна выпрабоўваў на трываласць аграрыяў. Надвор’е рыхтавала сюрпрызы: то спякота, то праліўныя дажджы. Не магло гэта не адбіцца і на ўраджайнасці. Хлебаробы ў літаральным сэнсе слова змагаліся за кожную тону збожжа. Яны не адыходзілі ад свайго галоўнага прынцыпу: сабраць ураджай з мінімальнымі стратамі.

Лепшыя з лепшых хлебаробаў заслужана прымуць удзел у абласным свяце «Дажынкі», якое прой­дзе сёлета ў Капылі.
Сярод іх – вадзіцель ААТ «Весейскі Пакроў» Уладзімір Пісарык (на здымку), які перавёз на аўтамабілі ГАЗ 1 800 тон збожжа.

– Я пяць дзён рамантаваў машыну, калі б не гэта, думаю, паказчык быў бы ў 2 000 тон,  –  адзначыў Уладзімір Уладзіміра­віч. – Тэхніку я рамантую сам. Стараюся ўтрымліваць яе ў парадку, каб не было прастояў, асабліва гэта важна ў перыяд уборкі ўраджаю, калі на рахунку кожная хвіліна.

У сельскай гаспадарцы мужчына працуе ўжо 35 гадоў, раней быў задзейнічаны на зернесушыльным комплексе, а сёлета ўпершыню адвозіў збожжа ад камбайна.

Высокіх паказчыкаў у рабоце, па словах мужчыны, ён дамогся дзякуючы агульнай зладжанай працы ўсіх работнікаў гаспадаркі.

– Калі ўсе занятыя сваёй працай, тэхніка не падводзіць – любая справа ладзіцца, – адзначае Уладзімір Уладзіміравіч.

Пра свой удзел у абласных «Дажынках» кажа, што гэта, вядома, вельмі прыемна і ганарова, калі твая праца цэніцца, асабліва на такім узроўні.

У вольны час мужчына займаецца пчалярствам.

– Я ў свой час скончыў Смілавіцкі пчалярны тэхнікум,  –  расказвае Уладзімір Пісарык. – Некаторы час працаваў у Мінску на пчолапрадпрыемстве. Потым жаніўся. Жонка – аграном. Прыехалі на Случчыну (я сам вырас у Гацуку).

Яшчэ адно захапленне Уладзіміра Уладзіміравіча – футбол. Стараецца не прапускаць футбольныя матчы, якія праходзяць у Слуцку.  Раней мужчына сам гуляў у вясковай каман­дзе, зараз жа падтрымлівае каманду СФК «Слуцк».

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи