У гэтым годзе «Слуцкаму краю» – 100 гадоў. Узгадваю, як пачыналася маё супрацоўніцтва з газетай…
У 1967 годзе я атрымаў правы трактарыста. Разам з напарнікам Мікалаем Адамчуком працаваў у калгасе «Перамога», у тым ліку на ворыве глебы – на трактары Т-74 з навяснымі плугамі ПН-4-35. Працавалі так: ён – днём, я – ноччу, ці наадварот. Працавалі з энтузіязмам, з задавальненнем, проста душа спявала. Наша работа была адзначана старшынёй гаспадаркі Мікалаем Цімафеевічам Ралько. Пра паспяховую работу напарніка я напісаў заметку ў «Шлях Ільча», так тады называлася слуцкая раённая газета, а яшчэ сачыніў верш. Заметку надрукавалі, а верш на мясцовым радыё прачытала радыёкарэспандэнт Валянціна Канстанцінаўна Бардо. Так пачалося маё шматгадовае супрацоўніцтва са «Слуцкім краем».
Часта пісаў у газету аб працаўніках гаспадаркі, іх працоўных перамогах. У 1973 годзе, калі ў чарговы раз завітаў у рэдакцыю, супрацоўніца газеты Ніна Міхайлаўна Селязнёва дала мне брашуру «Спутник селькора» і прапанавала запісацца ў школу рабочых і сельскіх карэспандэнтаў, якая дзейнічала пры газеце «Шлях Ільіча». Галоўным рэдактарам выдання тады быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Мікалаевіч Макарэня. Заняткі ў школе рабселькораў праводзіла Ніна Міхайлаўна – мілейшай душы чалавек. Заняткі праходзілі цікава, мы знаёміліся з газетнымі жанрамі, вучыліся працаваць з моладдзю, а яшчэ я запомніў на ўсё жыццё, як вучыла Ніна Міхайлаўна, людзей і ў працы, і ў творчасці трэба заахвочваць добрым словам. Калектыў рэдакцыі паважліва ставіўся да пазаштатных аўтараў, нашых матэрыялаў. Заўсёды прыемна было наведваць рэдакцыю, дзе панавала добразычлівая атмасфера, дзе падтрымаюць і выслухаюць. І памочнікаў у рэдакцыі было шмат – са многіх прадпрыемстваў, калгасаў работнікі дасылалі ў газету матэрыялы, заметкі.
Дарэчы, у школе рабселькораў слуцкай раённай газеты ў той час займаліся дарослыя людзі, прадстаўнікі розных прафесій, розных працоўных калектываў раёна. Выданне аб’ядноўвала нас у жаданні падзяліцца сваімі думкамі, праблемамі, у творчай самарэалізацыі. Газета ў пэўнай ступені дапамагала кожнаму з нас і ў выбары жыццёвых арыенціраў, у прафесійным станаўленні. Памятаю, разам са мной у школе рабселькораў займалася будучы медработнік Жанна Яўгенаўна Душэўская. 43 гады яна адпрацавала фельчарам на станцыі хуткай дапамогі, выратавала не адно жыццё. І такіх прыкладаў нямала.
Школа рабселькораў у свой час дала пуцёўку ў прафесію шэрагу случчан, якія ў будучым сталі прафесійнымі журналістамі.
Прыемна, што традыцыі работы з пазаштатнымі аўтарамі падтрымліваюцца ў выданні і цяпер, тут з увагай ставяцца да наведвальнікаў, аўтараў, дзейнічае школа маладога журналіста. Наяўнасць пазаштатных аўтараў – паказчык даверу выданню і яго запатрабаванасці. Далейшых поспехаў, «Слуцкі край»!
Міхаіл ТАРАСЕВІЧ,
жыхар в. Волашава.