З Пятром Генадзьевічам знаёмлюся ў дрэваапрацоўчым цэху прадпрыемства падчас кароткага перапынку. Мужчына расказвае, што тут працуе 31 год. Адзначае, да гэтага месца «прырос» душою.
– Чаму? Ды настаўнікі добрыя былі, вось і спадабалася, захапіла работа, так і застаўся. На жаль, ужо пайшлі з жыцця, але я ім вельмі ўдзячны. Ды чаго «бегаць» з месца на месца, – разважае суразмоўца. – Трэба працаваць, тады і вынік будзе. З драўніны можна шмат чаго карыснага вырабіць, было б толькі жаданне, ды станкі не падводзілі.
А іх у дрэваапрацоўчым цэху прадпрыемства больш дваццаці. За кожным з іх Пётр Жучкевіч можа працаваць, асвоіў сам, цяпер дапамагае іншым. Яго ведаюць як адказнага чалавека і работніка.
– Люблю працаваць за мнагапільным станком, ён шматфункцыянальны, – кажа
Пётр Генадзьевіч. – У цэху вырабляем драўляныя асновы для шчотак, швабр, пэндзлікаў, рыдлёвак, вешалкі для адзення… Усяго да 120 найменняў прадукцыі. Люблю рабіць драўляныя ручкі для флейцавых пэндзлікаў.
Найбольш падатлівая алешына, такая драўніна добра рэжацца і габлюецца, а вось з бярозай цяжэй бывае. Тут вопыт і спрыт патрэбны… Калектыў у нас дружны, дапамагаем адзін аднаму, спраўляемся.
На прадпрыемстве ёсць душавы пакой, працуе буфет – усё для работнікаў, гаворыць субяседнік.
Унітарнае прадпрыемства «Ямпаль-Слуцк» адзначыла 90-годдзе свайго існавання. Штогод тут асвойваюць і вырабляюць новыя віды прадукцыі – сучаснай і запатрабаванай на рынку.
Наталля ГРАМЫКА.