І шафёр, і пешаход –
Кожны знае ў свеце
Знак увагі: пераход!
Асцярожна: дзеці!

В. Вітка.

Вёска Цалевічы – гэта мой родны дом, у якім я жыву. Хоць вёска наша невялікая, але з кожным годам на вуліцах становіцца ўсё больш і больш машын. І мы, пешаходы, павінны быць больш уважлівымі, таму што небяспека заўсёды побач.

Часам дзеці думаюць, што правілы дарожнага руху павінны ведаць толькі вадзіцелі аўтамабіляў. А пешаходы, што там: трэба – ідзі сабе спакойна.

Аднойчы я бачыла здарэнне, якое адбылося па віне пешахода. І тады дакладна зразумела, што ведаць правілы дарожнага руху і выконваць законы дарог проста неабходна.

Мы з матуляй стаялі на аўтобусным прыпынку. Раптам з-за газетнага кіёска высыпалі дзеці. Яны весела гаманілі, смяяліся. Мне нават здалося, што спрачаліся аб нечым. І раптам адна з дзяўчынак вырашыла перабегчы дарогу, хоць да святлафора было зусім недалёка… Гэты скрэжат колаў, енк дзяўчынкі і слёзы яе сяброў я добра запомніла. На шчасце, дзяўчынка засталася жывой, але гэты выпадак мог закончыцца і трагедыяй.

Правілы дарожнага руху простыя і эфектыўныя, калі мы іх выконваем. Мы думаем, што даўно ўжо іх ведаем. Нас вучылі гэтаму ў дзіцячым садзе, а зараз вучаць у школе. Аднак мы часта забываем правілы, і тады можа здарыцца бяда. Дзіця, якое перабягае дарогу на чырвоны колер святлафора, рызыкуе надоўга трапіць на бальнічны ложак або ўвогуле страціць жыццё. Нават самы ўважлівы вадзіцель не зможа адразу затармазіць і спыніць машыну.

Многія любяць ездзіць на веласіпедах, самакатах. Вельмі важна помніць, што мы ўдзельнікі дарожнага руху, абавязаны выконваць правілы дарог.

Толькі там ісці павінен,
Дзе адзначан пераход…
Калі ж ты без дысцыпліны,
Значыць, дрэнны пешаход.

Н. Галіноўская.

Караліна КРЫСЬКО,
вучаніца 3-га класа Акцябрскай базавай школы імя В. Віткі.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи