Герой гэтага аповеду па-ранейшаму жыве ў Вежах, дзе побач лес, дзе высокія сосны быццам казачныя вартаўнікі, і ранкам, здаецца, сонца салодка пацягваецца ў махнатых зялёных верхалінах. Васілій Ачапоўскі гаворыць, усё тут сэрцу дарагое – людзі, пабудовы, краявіды, успаміны…
На долю гэтага чалавека выпала будаўніцтва апошняга ў Беларусі саюзнага аб’екта на меліяраваных землях – саўгаса «Слуцк». Васілій Міхайлавіч узначальваў гэту гаспадарку 26 гадоў. 
– Я ўраджэнец вёскі Варкавічы, па адукацыі эканаміст-бухгалтар. Служыў у арміі, працаваў галоўным бухгалтарам у калгасах «Рассвет» і «Чырвоны Кастрычнік», намеснікам старшыні ў «Чырвоным Кастрычніку». У 1989 годзе  пачаўся самы значны перыяд маёй працоўнай біяграфіі, калі прапанавалі ўзначаліць новую гаспадарку, якую яшчэ трэба было пабудаваць, – расказвае ветэран. 
– Калі давалі згоду на дырэктарства, ніколечкі не сумняваліся? Вялікі ж клопат і адказнасць? – цікаўлюся.
– Цяжкасцей ніколі не баяўся, адказнасць добра ўсведамляў. Захапляла вялікая, карысная для людзей, для Случчыны справа. Вельмі хацелася, каб у нашым раёне з’явілася магутная гаспадарка новага ўзору. Мне выпісалі дакумент, што я дырэктар саўгаса, і я паехаў да месца новабудоўлі… Дарэчы, старажылы расказвалі, што раней там былі малапраходныя балоты. Каб не збіцца са шляху, людзі ўстанаўлівалі вышкі-маякі – вежы. Адсюль і пайшла назва вёскі  на меліяраваных землях. У пераважнай большасці гэта былыя ўчасткі торфа-здабычы.  У лютым 1989 года будаўнікі прыступілі да работы. 
Мой суразмоўца расказвае, што на будаўніцтве аб’ектаў працавалі 150 чалавек, генпадрадчык – ПМК-226. 
Будаўніцтва вялося, як гаворыцца, з нуля, у няпростых умовах. Пракладвалі інжынерныя сеткі, узводзілі кацельню, вытворчыя будынкі, жылыя дамы, школу, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, ФАП, іншыя аб’екты інфраструктуры. 
Толькі дарог на тэрыторыі саўгаса праклалі і ўладкавалі каля 100 кіламетраў! На першым этапе паступалі сродкі з саюзнай казны, аднак пасля развалу СССР фінансаванне будоўлі  спынілася. У 1990-х, падчас наведвання саўгаса Прэзідэнтам нашай краіны, Васілій Ачапоўскі звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і быў пачуты – выдзелілі сродкі на далейшае будаўніцтва. Некаторыя будынкі пазней узводзілі гаспадарчым спосабам.
– Мая мара збылася,  – усміхаецца Васілій Міхайлавіч. – Мы пабудавалі  выдатную  гаспадарку, дзе былі створаны ўсе ўмовы для плённай працы і камфортнага жыцця, Вежы набылі статус аграгарадка. І гэта агульная заслуга мясцовых жыхароў, случчан, усіх, хто быў заняты на будаўніцтве, добраўпарадкаванні. 
Гаспадарка набірала сілу, сюды прыязджалі сем’і з іншых рэгіёнаў, было многа моладзі. 
Саўгас спецылізаваўся на вытворчасці ялавічыны і малака. Комплекс па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы на 5 400 галоў госці часта называлі фабрыкай па вытворчасці мяса. Напрыклад, у 2005-м і наступных гадах тут атрымлівалі сярэднясутачныя прывагі жывёлы больш за кілаграм.  На працягу дзесяці гадоў жывёлагадоўчы комплекс саўгаса «Слуцк» быў у пяцёрцы лідараў у рэспубліцы. 80% дойнага статка сельгасарганізацыі «складалі» высокапрадукцыйныя каровы галштына-фрызскай пароды: атрымлівалі высокія надоі, у 2007 годзе ў сярэднім за год ад кожнай рагулі надаілі 9 530 кілаграмаў малака. І на не вельмі багатых меліяраваных землях, у саўгасе дабіваліся высокіх вынікаў у раслінаводстве, нарыхтоўцы кармоў. Васілій Міхайлавіч перакананы, патрэбен правільны догляд палеткаў,  раслін, і зямля абавязкова аддзячыць за клопат.
– І зноў такі… Поспех саўгаса – гэта агульная заслуга калектыву, спецыялістаў, жывёлаводаў, механізатараў, аграрыяў, – падкрэслівае ветэран. – І сёння гавару: дзякуй гэтым людзям за адданасць сялянскаму абавязку, за нястомную працу, кампетэнтнасць, таленавітасць  і любоў да роднай зямлі!
Васілій Міхайлавіч з кагорты тых людзей, якія не любяць акцэнтаваць увагу на сабе, сваіх дасягненнях. Зыходзячы з уласнага журналісцкага вопыту, з упэўненасцю магу сказаць, у значнай ступені дзякуючы гэтаму чалавеку саўгас «Слуцк» у свой час стаў адной з самых моцных і перадавых гаспадарак Случчыны, Мінскай вобласці і рэспублікі. Добра памятаю, адказны, кампетэнтны кіраўнік,  бясконца адданы гаспадарцы, Васілій Ачапоўскі сам ездзіў у іншыя рэгіёны, каб пераняць перадавыя тэхналогіі,  шмат увагі ўдзяляў мадэрнізацыі, перспектыўнаму развіццю саўгаса. За сваю работу ўзнагароджаны ордэнамі Гонару і Айчыны ІІІ ступені, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Васілій Міхайлавіч хоць і на заслужаным адпачынку, па-ранейшаму цікавіцца сельскагаспадарчымі справамі ў раёне, гаворыць, гэтага душа патрабуе. І заўсёды радасна ветэрану, калі Случчына лідзіруе, дасягае больш высокіх вынікаў.
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць ветэранаў,  працаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Случчыны з прафесійным святам. Ганарыцеся, шаноўныя,  сваёй справай,  паважайце, бо яна адна з самых важных і патрэбных на Зямлі. Новых поспехаў, здароўя і будзьце шчаслівымі! – сказаў Васілій Ачапоўскі.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи