Сустрэча з маёй гераіняй Алай Генадзьеўнай Песенкай пачынаецца з усмешкі, праходзіць хутка, усмешкай і заканчваецца. Такое адчуванне, што вось такая яна, Ала Генадзьеўна, ва ўсім: лёгкая, вясёлая, сапраўды, як песня, але ў той жа час сканцэнтраваная і вельмі адказная: некалькі пытанняў і яна развітваецца, таму што трэба бегчы на змену.
Працуе Ала Генадзьеўна пекарам на Слуцкім хлебазаводзе. Духмяную выпечку і хлеб да нашага стала вырабляе вось ужо 17 гадоў, а ўсяго на адзіным у сваім жыцці прадпрыемстве яна працуе каля 25 гадоў. Пачынала, расказвае, адразу пасля заканчэння ПТВ-132, цяперашняга Слуцкага дзяржаўнага каледжа, па спецыяльнасці «пекар, цестамес; машыніст цестараздзелачных машын», работу даверылі не самую складаную – укладваць пахучыя, толькі з печы боханы. З часам пачала працаваць з цестам, калі-нікалі падмяняла пекара, а пасля, набраўшыся вопыту, перайшла на гэты адказны ўчастак вытворчасці. З таго часу старанная працаўніца Ала Песенка не раз была адзначана кіраўніцтвам завода за добрасумленную працу і высокія паказчыкі. І па выніках 2019 года яна заахвочана, яе фота размешчана на Дошцы гонару Слуцкага раёна.
– Стараемся, каб прадукцыя выходзіла прыгожая, а галоўнае – якасная, – гаворыць Ала Генадзьеўна. – Пакупнікі любяць смачную выпечку, падсмажаную. Я сачу за працэсам, пачынаючы ад расстойкі сфармаваных вырабаў, каб своечасова адправіць іх у печ, і далей да самага іх выхаду. Цяпер працаваць, вядома, лягчэй, калі шмат што аўтаматызавана. У кожнай брыгадзе ў нас ёсць практыканты, вучым, падказваем, дзелімся вопытам, як некалі з намі, маладымі, старэйшыя калегі. Заўсёды хочацца выпусціць такую прадукцыю, каб пакупнікі былі задаволены, не скардзіліся і выбіралі менавіта нашы вырабы. Асартымент у нас шырокі: і хлеб розных відаў, і батоны, і булачкі, і сушкі.
І дома Ала Генадзьеўна не пакідае сваю прафесію. З мноства рэцэптаў знайшла самы смачны варыянт торта «Напалеон» і з задавальненнем выпякае яго для родных. Бывае, для сяброў на святы гатуе смачнае пячэнне, як некалі ў бацькоўскай сям’і, дарэчы мнагадзетнай, для братоў. Школьніцай Ала наведвала вучэбна-вытворчы камбінат па спецыяльнасці повар, і з таго часу запомніла і карыстаецца рэцэптам вельмі смачнага пячэння ад выкладчыка, усё даволі проста: мука, абавязкова крухмал, маянэз, яйкі, сода, цукар. Гаворыць, калі крыху пачараваць над цестам, дадаць якую-небудзь начынку, атрымліваецца незвычайна.
Яшчэ Ала Генадзьеўна любіць адпачываць на моры і кветкі, іх нямала ў кватэры, а таксама на невялікім агародзе. Руплівіца!