Паэзія калядных свят жыве ў душах і сэрцах беларусаў, захапляе і хвалюе сваёй самабытнасцю і каларытам, яркасцю і непахіснай верай у дабро і непераможнасць жыцця.
Прыходзяць яны ў зімовы час, як жаданая казка, і даюць магчымасць дакрануцца да нечага вялікага і светлага, добрага і вечнага.
Святы марозны вечар 13 студзеня… На небе загараюцца першыя зорачкі, скрыпіць пад нагамі срабрысты снег… І творчы калектыў Мусіцкага сельскага клуба, як ужо стала добрай традыцыяй, адпраўляецца ў падарожжа-віншаванне па акаляючых вёсках.
Узначальвае гурт Шчодра, прыгожая дзяўчына, якае нясе калядную зорку, сімвал свята. З ёю поруч – грацыёзны Жораў. Ён сімвалізуе прыгажосць, гармонію і мудрасць жыцця.
Вясёлыя калядоўшчыкі заходзяць у хаты, дзе іх чакаюць шчодрыя гаспадары. І пачынаецца магія свята з песнямі і віншаваннямі, танцамі і карагодамі, гумарам і пажаданнямі.
Парою цяжка ўтрымацца ад весялосці калядоўшчыкаў, і тады гаспадары ўключаюцца ў святочную дзею. Затым шчыра дзякуюць за святочны настрой, добрыя пажаданні, выказваюць задавальненне і жаданне сустрэцца і ў наступны год. І, як заўсёды, шчодра адорваюць.
А Вечар працягваецца. За ўсім у вышыні назірае месячык-спадарожнік, мільгацяць зорачкі. Пад нагамі скрыпіць снег. І так лёгка на сэрцы.
Марына Дурыцкая, загадчык Мусіцкага сельскага клуба.