Слуцк на тры дні стаў цэнтрам культурнага тэатральнага жыцця – у нашым горадзе адбыўся пяты рэспубліканскі фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні». У гарадскім Доме культуры падвялі вынікі фестывалю.
Трэці фестывальны дзень скончыўся цудоўным спектаклем – мюзіклам-біяграфіяй “Гур’янаў”, дарэчы, галоўную ролю ў спектаклі выконвае Міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі.
Авацыямі сустракалі гледачы паважанае журы «Тэатральных скрыжаванняў». Кожны з членаў журы выказаў словы падзякі ўдзельнікам фестывалю і, канешне, гасціннай Слуцкай зямлі. Агучылі нават ідэю праводзіць фестываль заўсёды ў Слуцку.
Падчас узнагароджання былі адзначаны лепшыя калектывы і некаторыя артысты. Без узнагарод не засталіся і случчане.
Народны тэатр драмы і камедыі імя У.Галубка Слуцкага гарадскога Дома культуры быў адзначаны дыпломам за лепшую сцэнаграфію, а таксама дыпломам лаўрэата II ступені.
За адданасць тэатральнаму мастацтву і шматгадовую творчую працу ўзнагародзілі артыстаў тэатра драмы і камедыі імя У.Галубка Уладзіміра Івановіча і Уладзіміра Вяршыніна.
Пераможцамі конкурснай праграмы сталі Народны маладзёжны тэатр “Штурх” палаца культуры “БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ” з Жодзіна, а таксама Заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны тэатр драмы і камедыі “Славуціч” Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры.
Віншуем пераможцаў і жадаем усім аматарам тэатральнага мастацтва натхнення і новых перамог!





















